Паборы з арганізатараў „Чарнобыльскага шляху” ўзаконілі?
Суд Маскоўскага раёна адмовіў аднаму з аўтараў заяўкі на правядзенне „Чарнобыльскага шляху” Іллі Дабратвору ў разглядзе скаргі адносна незаконных пабораў сродкаў з арганізатараў мерапрыемства.
„Скарга была пададзена на тую частку рашэння Менгарвыканкама пра дазвол шэсця, якая тычылася аплаты паслуг міліцыі, хуткай дапамогі ды іншых службаў. Гэта яўна незаконныя дзеянні. Усе грамадзяне плацяць падаткі на ўтрыманне гэтых службаў. Яны ж не бяруць грошы з праўладных БРСМ ці „Белай Русі”. Але суддзя Юрый Шастакоў нават не прыняў скаргу да разгляду”, – кажа Ілля Дабратвор:
– Яны не ўзяліся разглядаць нашу скаргу на той падставе, што абскардзіць рашэнне Менгарвыканкама ў гэтай частцы, частцы здымання грошай за правядзенне мерапрыемстваў не падлягае разгляду ў судзе. Можна час абскарджваць, можна маршрут абскарджваць, можна забарону абскарджваць, але моманты, якія тычацца грошай – гэта абскарджваць нельга.
Як сказаў Ілля Дабратвор, такім адказам ён, безумоўна, не задаволены і будзе працягваць абскарджваць як дзеяні Менгарвыканкама, так і рашэнне суду.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск