Пачалася праца па стварэнні жаночага правацэнтрысцкага форуму
Рух „За Свабоду” звярнуўся да Партыі БНФ, Аб`яднанай грамадзянскай партыі і аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” з прапановай стварыць жаночы правацэнтрысцкі форум.
Ініцыятарам выступіла намесніца старшыні руху „За Свабоду” Галіна Скараход:
– У нас ужо ёсць вопыт працы з парнёрамі. Мы ўжо рабілі ў рамках жаночых праграм не адну сумесную кампанію. І нам падаецца вельмі важным, каб мы зараз пачалі такое жаночае аб’яднанне, каб пытанне жаночай актыўнасці, жаночай грамадскай значнасці, каб яно было ў павестках дня палітычных партыяў.
На будучых парламенцкіх выбарах рух „За Свабоду” можа, сярод іншага, прапанаваць працу з жанчынамі-выбаршчыцамі ў падтрымку кандыдатаў-жанчын у межах кампаніі „Жанчыны за перамены”.
Пагадненне аб стварэнні правацэнтрысцкай кааліцыі было падпісанае 9-11 снежня мінулага году ў Бруселі лідарамі руху „За Свабоду”, АГП і аргкамітэта БХД.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bchd.info