Адбылася прэс-канферэнцыя Рады беларускай інтэлігенцыі (абноўлена)
14-га жніўня ў Менску сабралася паседжанне Рады беларускай інтэлігенцыі. Сітуацыя ў Беларусі выклікае шмат эмоцый, але трэба засяродзіцца на механізме перадачы ўлады, абмеркаванні будучых выбараў і адхіленні ад улады Лукашэнкі. Алег Трусаў кажа, што ў панядзелак, 17-га жніўня, у Менску будзе скліканы Аргкамітэт круглага стала, які вызначыць шляхі, якім чынам Беларусь здолее выйсці з крызісу.
– Круглы стол, які мусіць пачаць дыялог пра выхад з крызісу. У Польшчы таксама быў круглы стол, за якім сядзелі і камуністы, і касцёл, і Валенса. І Польшча стала Польшчай. І не дай Бог нам румынскі варыянт!
Першым крокам мае быць прызначэнне новага Канстытуцыйнага суда, кажа колішні дэпутат Лявон Баршчэўскі.
– Павінен быць першы крок – прызначэнне легітымнага Канстытуцыйнвгв суда. Пасля чаго непатрэбны рэферэндум, да якога заклікала каманда Віктара Бабарыкі. Рада інтэлігенцыі прапануе пляцоўку для будучага круглага стала.
На панядзелак, 17-га жніўня, журналістам, юрыстам, палітыкам, грамадскім дзеячам будуць дасланыя запрашэнні на Аргкамітэт круглага стала. Пачнецца Аргкамітэт а 13-й гадзіне.
Цалкам матэрыял:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
Сакратарыят Рады беларускай інтэлігенцыі выступіў з заявай, у якой асуджаецца гвалт супраць мірных пратэстоўцаў.
У цяперашняй сітуацыі супрацьстаяння ўлады і народу ў якасці выйсця бачыцца скліканне круглага стала, на які запрашаюцца прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і ўладных структур. У выніку павінна быць выпрацаваная прававая аснова выхаду з палітычнага крызісу і правядзенне выбараў новай легітымнай улады.
Такі стан не можа трываць далей, падсумоўваюць сябры Рады беларускай інтэлігенцыі. Узроўнем жыцця беларусы даўно павінны былі стаць у адным шэрагу з заможнымі еўрапейскімі краінамі. Гэты шанец можа быць канчаткова страчаны, адзначаюць у Радзе беларускай інтэлігенцыі.
****
На сядзібе ТБМ адбылася прэс-канферэнцыя Рады беларускай інтэлігенцыі. З прамовай выступіў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас. Выступілі таксама Міхаіл Пастухоў, Алег Трусаў, Алена Анісім.
У панядзелак а 13:00 абвяшчаецца паседжанне з запрашэннем людзей з прафсаюзаў, палітыкаў, юрыстаў.
Беларускае Радыё Рацыя