Пачалі затрымліваць беларусаў, якія вярнуліся ў краіну па новы пашпарт



Сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак распавёў сайту Zerkalo.io пра першы выпадак затрымання чалавека, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь, каб памяняць пашпарт. Па яго словах, такія выпадкі пакуль не з’яўляюцца масавымі.

«Ужо вядома пра выпадак, калі чалавек заязджаў на тэрыторыю Беларусі і быў затрыманы з-за таго, што ён перасёк мяжу і ці быў ці то ў базах, ці то пад крымінальным пераследам, пакуль яшчэ гэта невядома, — распавёў Андрэй Стрыжак. — На жаль, як гэта і прагназавалі, навіна аб указе Лукашэнкі аб забароне на абмен пашпартоў за мяжой стала трыгерам для тых людзей, у якіх заканчваюцца дакументы, і яны паехалі ў Беларусь. Гэта дадатковы выклік, таму што людзі, на жаль, не ўспрымаюць магчымую небяспеку пры паездцы ў Беларусь і чамусьці думаюць, што іх гэтая сітуацыя не тычыцца». Падрабязнасці аб асобе затрыманага і дэталі яго затрыманьня кіраўнік BYSOL не паведамляе.

Па словах Андрэя Стрыжака, на сённяшні дзень нельга казаць, што выпадкі затрымання беларусаў, якія вярнуліся для атрымання пашпарта, з’яўляюцца масавымі, але яны могуць стаць такімі, калі людзі ня будуць клапаціцца пра сваю бяспеку.

Нагадаем, 7 верасня набыў моц указ Лукашэнкі, паводле якога беларусы больш не могуць атрымаць новыя пашпарты ў дыпламатычных установах за мяжой, а таксама аформіць некаторыя іншыя дакументы. Зрабіць гэта можна толькі ў органах унутраных спраў на тэрыторыі Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя