Пачаліся суды над Алесем Пушкіным і Паўлам Вінаградавым
Як паведамляюць з суда Алесь Пушкін ляжыць на лаўцы ў клетцы ў белай робе, такім чынам пратэстуе. Пушкін адмовіўся ўставаць, запатрабаваў зняць з рук кайданкі. Усіх наведнікаў выгналі з залі, пакуль канвой спрабуе падняць мастака з лаўкі. Таксама сёння пачаўся суд над Паўлам Вінаградавым. За эмацыйны пост у фэйсбуку яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў. Стала вядома, што суд зрабілі закрытым.
Вядома, што на Вінаградава пачалі крымінальную справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — („Распальванне сацыяльнай варожасці”), („Паклёп на прэзідэнта”) і („Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”). Паведамлялася, што ў жодзінскай турме на палітвязня ціснула адміністрацыя: яго садзілі ў карцар, а таксама паставілі на прафілактычны ўлік як „схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці” і „схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў”.