Пачалося галасаванне за лаўрэата прэміі імя Віктара Сырыцы
Сфармаваны шорт-ліст прэміі Сырыцы за 2018 год, у яго увайшлі шэсць прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Беларусі. Лаўрэата абярэ Рада Руху «За Свабоду».
Прэмія была заснаваная Радай Руху «За Свабоду» ў снежні 2016 года ў памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Віктар Сырыцу. Ёй уганароўваюцца аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны па выніках мінулага году. Лонг-ліст прэміі збіралі да 10 лютага, удзел у фармаванні шорт-ліста прыняло кіраўніцтва арганізацыі.
У шорт-ліст за 2018 год увайшлі:
Вікторыя Анохава-Жураўлёва («Лёгкія чытанні» — літаратурныя чытанні для мясцовых школьнікаў у Пружанах, Брэсцкая вобласць)
Уладзіслаў Золатаў (стварэнне «Лесвіцы-вышыванкі» ў Магілёве)
Юрый Казакевіч і Уладзімір Гундар (арганізацыя Дня вышыванкі ў Баранавічах)
Ігар Станкевіч (кампанія ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў — Грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы»)
Інна Хоміч (стварэнне мультымедыйнага праекта з мапай дыялектных гаворак)
Вольга Дамаскіна (арганізацыя ў Полацку серыі сустрэчаў у межах «Жывой мовы»).
У гэтым годзе на конкурс паступілі 20 прапановаў, арганізатары прэміі адзначаюць, што ўзровень атрыманых заявак — дастаткова высокі.
«Віктар Сырыца ўсё жыццё аддаў самаахвярнай працы па нацыянальным адраджэнні. Уручэннем прэміі Рух „За Свабоду“ намагаецца звярнуць увагу на падобную дзейнасць, якая працягваецца сёння ў рэгіёнах і не заўсёды заўважная на нацыянальным узроўні. Думаю, што адзначэнне дасягненняў адданых рупліўцаў на ніве беларушчыны дасць ім дадатковы імпэт працягваць сваю працу», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
У гэтым годзе арганізацыя зноў запускае не толькі галасаванне сярод сябраў Рады, але і т.зв. грамадскае, у якім можа прыняць удзел любы ахвотны. Гэтае галасаванне будзе мець кансультацыйны характар.
Усе ахвотныя могуць аддаць свае галасы за лепшую ініцыятыву, запоўніўшы форму:
Галасаванне працягнецца да 25 лютага.