Збіраюцца подпісы за ўсталяванне шыльды ў гонар 100-годдзя БНР



Рух „За Свабоду” збірае подпісы для ўсталяванне шыльды на будынку па вуліцы Валадарскага ў Менску, у якім у сакавіку 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

Раней Менгарвыканкам адмовіўся выконваць сваё абяцанне ўсталяваць гэтую мемарыяльную дошку, якое было дадзена амаль паўгода таму – напярэдадні стагоддзя абвяшчэння БНР. Зараз чыноўнікі спасылаюцца на нейкія адмоўныя звароты грамадзянаў. Па меркаванні старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, – гэта пустыя адгаворкі. „Адзіныя незадававоленыя грамадзяне, на якіх можа адрэагаваць Менгарвыканкам, – гэта чыноўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, якія, магчыма, спалохаліся сваіх жа ранейшых абяцанняў усталяваць гэтую шыльду,” – лічыць Губарэвіч.

– Магчыма нехта з іх начальства перагледзеў сваё рашэнне. Тут можна толькі гадаць. Я глыбока перакананы, наўрад хтосьці ў самой Беларусі сярод звычайных грамадзян мае такое негатыўнае стаўленне да адзначэння гэтай даты. Дата была адсвяткавана з размахам. І мы гэта бачылі па тых мерапрыемствах, якія праходзілі ў сакавіку, і па сённяшні дзень шмат падзеяў прысвечана стагоддзю БНР.

Юрась Губарэвіч спадзяецца, што сітуацыю можа выправіць публічны грамадскі ціск на чыноўнікаў Менгарвыканкаму.  Дзеля гэтага Рух „За свабоду” арганізаваў  на адной з публічных  інтэрнет-пляцовак падпісанне петыцыі за ўсталяванне мемарыяльай шыльды ў гонар БНР. Калі такіх подпісаў і зваротаў будзе тысячы і дзясяткі тысячаў, то Менгарвыканкаму давядзецца ўзяць назад свае словы пра тоё, што нейкія грамадзяне выступаюць супраць, – лічыць Юрась Губарэвіч. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск