Пачаў дзейнічаць абноўлены Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях
Раней артыкулы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях былі вядомыя сапраўдным парушальнікам правапарадку і прадстаўнікам дэмакратычнай апазіцыі, якіх часамі па гэтым артыкулах і прыцягвалі да адказнасці. Але, пачынаючы з перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2020 года пра некаторыя артыкулы дазналіся і шырокія колы насельніцтва, гэтыя артыкулы нават умоўна называць “народнымі”.
Найперш гаворка пра сумна вядомы 23.34 – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Аднак уладам падалося, што поля для іх рэпрэсіўнай дзейнасці ў Кодэксе – малавата. Таму айчынныя так званыя “парламентарыі” ўзяліся за працу і сумеснымі высілкамі прыдумалі, за што яшчэ можна караць “непаслухмяных” беларусаў.
Зразумела, што змены закранулі тыя часткі КаАП, якія можна прад’явіць удзельнікам мірных пратэстаў або проста неабыякавым, ці нацыянальна-арыентаваным грамадзянам. Вось да прыкладу, караць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ці за заклікі да яе цяпер змогуць штрафам да 100 базавых велічынь (гэта значыць максімальна такі штраф складзе 2900 рублёў). Па старым кодэксе каралі штрафам да 30 базавых. Пры „паўторным” затрыманні могуць прысудзіць да 30 сутак арышту. Больш строга будуць караць за блакаванне дарог і непадпарадкаванне, а таксама за сігналы аўтамабіляў у знак падтрымкі пратэстоўцаў. З’явіўся артыкул аб незаконным выкарыстанні і вырабе сцягоў. З 1 сакавіка за выкарыстанне „забароненых заканадаўчымі актамі сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем або сімвалаў” або за іх выраб будуць штрафаваць грамадзян да 20 базавых, а індывідуальных прадпрымальнікаў – удвая больш. Пры гэтым у Беларусі ўвогуле няма нейкага спісу забароненых сцягоў ці плакатаў.
Ці што гэта зменіць для грамадзян? Так, будуць большыя штрафы і пакаранні. Але прынцыпова – нічога. За што хацелі каралі раней і цяпер караць будуць. Вось да прыкладу, у Віцебску цяпер пыталі ў людзей пра бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”. А ці ж яны ў нас забароненыя? Ужо не кажучы пра тое, што “Пагоня” знаходзіцца ў гербе Віцебскай вобласці. Або бялізна чырвонага і белага колеру на балконе і раней расцэньвалася як адзіночны пікет, дык і цяпер да гэтай бялізны пэўна прычэпяцца. Праўда, міліцыянтам лягчэй будзе. Менш думаць: не трэба прыдумваць артыкулы і напружваць мазгі, будуць пісаць пад капірку новыя заканадаўчыя фармулёўкі. Карацей, на кожнага беларуса знойдзецца свой артыкул, яшчэ добра калі адміністрацыйнага кодэкса.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя