Пачаўся анлайн-збор ахвяраванняў на лагер абароны Курапатаў



У інтэрнэце з’явіўся сайт лагера абароны Курапатаў kurapaty.by, асноўная функцыя якога — збор ахвяраванняў на патрэбы лагера. Паштоўкі і цішоткі з нядаўна створаным лагатыпам прапаноўваюцца ў падарунак ахвярадаўцам.

На старонках актывістаў абароны Курапатаў перыядычна з’яўляюцца спісы таго, чым можна дапамагчы існаванню лагера. Людзі актыўна дапамагаюць і падвозяць неабходныя рэчы.

“Людзі падтрымліваюць не толькі змаганне супраць амаральнай забудовы крывавага помніка савецкім рэпрэсіям, яны патрымліваюць змаганне з карумпаванасцю і глухасцю ўлады. Мэта сайта — дапамагчы падтрымаць гэтае змаганне людзям, якія не маюць магчымасці фізічна далучыцца да лагера ці падвезці неабходныя рэчы”, — кажа стваральнік сайта Пётр Маркелаў.

На дадзены момант сабрана 9 ахвяраванняў на агульную суму ў 295 еўра. На сайце пазначана, што справаздача пра выдаткі лагера будзе даступная пазней.

“Актывісты, што мерзнуць там уночы, ведаюць найлепш, што ім трэба. Калі пытанне забудовы Курапатаў будзе вырашанае, сродкі, якія застануцца, пойдуць на кампанію па ўсталёўцы мемарыялу ў Курапатах ці іншую мэту, якая будзе абраная ахвярадаўцамі і грамадскасцю,” — адзначае Пётр Маркелаў.

Збор сродкаў вядзецца праз сістэму PayPal, якая дазваляе ахвяраваць самастойна абраную суму ў еўра кожнаму ўладальніку картаў VISA, Maestro і MasterCard у любой валюце. Акрамя таго, ахвяраванні можна пакінуць непасрэдна ў самім лагеры (Мірашнічэнкі 53), на сядзібе БНФ (Чарнышэўскага 3, кв. 39) і ў Арт-Сядзібе (Незалежнасці 58, оф. 430, 4 паверх Маскоўска-Венскага ГЦ).