Пачаўся чарговы крымінальны працэс за надпіс „Не забудзем”
У судзе Фрунзенскага раёна Менска 1 снежня пачаўся крымінальны працэс у дачыненні да трох жыхароў Мінска за надпіс „Не забудзем” на месцы народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў 10 жніўня падчас пратэстаў каля станцыі метро „Пушкінская”. Судовае пасяджэнне вядзе Юлія Крэпская. Абвінавачанне выкладае пракурор Валерыя Таратынка.
42-гадовы Дзяніс Граханаў, 25-гадовыя Ігар Самусенка і Уладзіслаў Гуліс абвінавачваюцца ў хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК, максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на шэсць гадоў) і наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці, учыненых агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры (ч. 2 арт. 218 КК, максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на 10 гадоў). Усе трое абвінавачаных знаходзяцца пад вартай з 21—22 кастрычніка.
Адвакат Самусенкі Ігар Рыжы хадайнічаў аб прыцягненні да матэрыялаў справы заключэння філолага акадэміка Аляксандра Лукашанца пра змест надпісу „Не забудзем” на прадмет яе цынічнасці, непавагі да маральных каштоўнасцяў. Рыжы зачытаў заключэнне філолага, сутнасць якога ў тым, што надпіс не з’яўляецца цынічным. Наадварот, словы з абяцаннем не забыць маюць станоўчы сэнс і канатацыю. Адвакат таксама хадайнічаў аб прыцягненні да матэрыялаў справы станоўчых характарыстык з месца працы. Суддзя задаволіла хадайніцтвы.
„Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама” прызнаны судом грамадзянскім істцом у судовым працэсе. Начальнік упраўлення „Цэнтр” гэтай структуры Генадзь Фралоў паведаміў суду, што ў выніку нанясення надпісу на плітцы шкода прадпрыемству нанесеная ў памеры 255 рублёў 99 капеек. Сума, якая называлася раней (10.182 рублі 52 капейкі) была папярэдняй, грунтавалася на меркаванні, што плітку з надпісам неабходна мяняць, але гэтага рабіць не давялося.
Адвакаты звярнуліся да суда з хадайніцтвам аб змене меры стрымання абвінавачаным на падставе таго, што ў іх дзеяннях не было злога намеру, надпіс не абражаў грамадскую мараль, а шкода склала менш за 40 базавых велічынь. Адвакаты настойваюць, што ў дзеяннях іх падабаронных няма складу злачынства, якое ім ставяць у віну.
На думку пракурора Таратынкі, нельга казаць пра тое, што пададзены „Гаррамаўтадарам” дакумент аб суме шкоды з’яўляецца бясспрэчным доказам, гэта павінен ацаніць суд. У выніку суд адмовіў у хадайніцтве змяніць меру стрымання абвінавачаным.
Гэта ўжо другі працэс у судзе Фрунзенскага раёна за надпіс ля народнага мемарыяла Тарайкоўскаму. Першы пачаўся 27 лістапада — над 25-гадовай Марыяй Бабовіч і 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам. Прычыненую імі шкоду „Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама” ацаніў у 211 рублёў 20 капеек. Маладых людзей абвінавацілі ў злачынствах на падставе тых жа крымінальных артыкулаў.
Бабовіч, Паўлюшчык, Граханаў і Самусенка прызнаныя палітвязнямі. У заяве праваабаронцаў адзначаецца, што змест надпісу, месца, дзе ён быў зроблены, у кантэксце грамадска-палітычных падзей сведчаць аб тым, што матывам яго нанясення было выражэнне меркавання па сацыяльна значных тэмах. Праваабаронцы настойваюць, што гэтая форма выказвання меркавання знаходзіцца пад абаронай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з выстаўленымі абвінавачаннямі.