Пачаўся чарговы прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу



 Аляксандр Лукашэнка 17 лютага падпісаў указ № 55 „Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве”, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Згодна з дакументам, у лютым-траўні гэтага года будуць прызваныя мужчыны, якім споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку альбо страцілі права на адтэрміноўку.

„Выкананне ўказа дасць магчымасць забяспечыць патрэбнасці Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у ваеннаслужачых тэрміновай службы і службы ў рэзерве.

Адначасова дакументам прадугледжваецца звальненне ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага кіраўніка.

8 лютага набыла моц сумесная пастанова міністэрстваў абароны і аховы здароўя № 1/1 ад 3 студзеня 2020 года. Дакументам пашыраны спіс захворванняў, з якімі прызыўнік лічыцца прыгодным да ваеннай службы. Змены закранулі захворванні апорна-рухальнага апарата і касцёва-мышачнай сістэмы; захворванні эндакрыннай сістэмы; расстройствы харчавання і парушэння абмену рэчываў; захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія суправаджаюцца нязначнымі парушэннямі сардэчнага рытму.

10 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 48 „Аб павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароны грамадзян у сувязі з прызывам на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве”. У адпаведнасці з дакументам, з 1 студзеня 2020 года ваеннаслужачыя, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню на выпадак дасягнення пенсійнага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля. Указам вызначаецца парадак выплаты абавязковых страхавых узносаў за перыяды тэрміновай ваеннай службы, што дазволіць залічваць такія перыяды ў страхавы стаж, неабходны для вызначэння права на працоўную пенсію.

Для грамадзян, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прадугледжаны дадатковыя льготы для падрыхтоўкі да паступлення ў навучальныя ўстановы, а таксама пераважнае права выбару месца працы па спецыяльнасці пры размеркаванні пасля завяршэння атрымання адукацыі. Такім грамадзянам у год звальнення альбо ў год, які ідзе за годам звальнення, пры наяўнасці сярэдняга бала ў дакуменце аб адукацыі не ніжэйшага за 6 балаў і па рэкамендацыі воінскіх часцей дадзена права на навучанне на факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі, падрыхтоўчых аддзяленнях, падрыхтоўчых курсах у дзяржаўных установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.

Акрамя таго, уведзена норма аб захаванні права карыстання жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах членамі сям’і вайскоўца на ўвесь перыяд тэрміновай ваеннай службы.

belapan.by