Пачаўся працэс над другой групай фігурантаў “пінскай справы”



У судзе Маскоўскага раёна Берасця пачаўся працэс над другой групай фігурантаў “пінскай справы”. Дванаццаці жахарам Пінска пагражае ад трох да васьмі гадоў зняволення за ўдзел у стыхійным мітынгу ў першую пасля выбарчую ноч. Тады пратэст скончыўся сутычкай з сілавікамі і паводле следства, пацярпела 109 міліцыянтаў.

Праваабаронца Алесь Рамановіч адзначае, што “пінская справа” вельмі адбіваецца на настроях пінчукоў:

– Людзі пра гэта кажуць, размаўляюць. Мяне часта запытваюць пра гэта. Гэтая справа паўплывала, што людзі сталі больш баяцца. Яна вельмі адбілася на настроях людзей. Канешне, асуджаюць дзеянні сілавікоў. Але і вельмі шмат людзей, якія пералічваюць грошы, пішуць лісты, вельмі шмат лістоў пішуць.

Першая група фігурантаў “пінскай справы”, гэта чатырнаццаць пінчукоў, атрымала ад 5,5 да 6,6 гадоў зняволення. Праваабаронцы мяркуюць, што прыкладна аналагічныя тэрміны чакаюць і другую партыю абвінавачаных.

Беларускае Радыё Рацыя