Пачаўся разгляд справы аб незаконным затрыманні лекара ў Менску



У судзе Партызанскага раёна Менска 22 ліпеня пачаўся разгляд скаргі ўрача Дзмітрыя Серады на адмову Следчага камітэта распачынаць крымінальную справу ў дачыненні да міліцыянераў, якія затрымалі і збілі яго. Справу разглядае суддзя Анатоль Барысёнак. Суд праходзіць у закрытым рэжыме, аднак рэзалютыўная частка рашэння будзе абвешчаная адкрыта.

Нашумелы інцыдэнт меў месца раніцай 4 жніўня 2016 года. Каля 8.00 у кватэру лекара ўварваліся невядомыя ў масках. Без званкоў і тлумачэнняў яны пачалі выбіваць уваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконных дзвярэй на кухні. Дзмітрый Серада беспаспяхова спрабаваў даведацца, што за людзі штурмуюць яго кватэру і чаму. Невядомыя паклалі гаспадара тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну і надзелі наручнікі. Толькі пасля гэтага хтосьці з іх паведаміў цяжарнай жонцы Серады, што яны з міліцыі, і адвёў жанчыну з дзіцем у іншы пакой. Пры затрыманні лекар быў збіты.

Пазней высветлілася, што мужчыну падазравалі ў эксгібіцыянізме. Праз суткі яго вызвалілі, прызнаўшы недатычным, паколькі пацярпелая і сведка не апазналі ў ім злачынца. Сам Серада распавёў, што ў дзень злачынства, у якім яго абвінавачваюць, быў з сябрамі на рыбалцы за 80 км ад Мінска.

Па факце затрымання Серады Следчы камітэт правёў праверку, па выніках якой у распачынанні крымінальнай справы было адмоўлена, а цялесныя пашкоджанні, нанесеныя мужчыну, прызнаныя „недакладнымі”. Пасля паўторнай скаргі ў СК у распачынанні крымінальнай справы Серадзе зноў адмовілі, лекар звярнуўся ў пракуратуру Менска.

9 студзеня 2017 года сталічная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі на падставе ч. 1 арт. 426 КК (наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных ёй па службе, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян або дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў)). Аднак, як вынікае з новай пастановы УСК, ужо 18 студзеня намеснік генпракурора Генадзь Дыско адмяніў гэтае рашэнне.

21 студзеня начальнік аддзела сталічнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства УСК па Мінску вынес рашэнне аб адмене пастановы аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы і накіраванні матэрыялаў для дадатковай праверкі і ўстанаўлення тэрмінаў яе правядзення.

Па выніках праверкі прынятая пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы „за-за адсутнасці ў дзеянні складу злачынства”.

Суд па скарзе ўрача Дзмітрыя Серады на адмову СК распачаць справу ў дачыненні да міліцыянераў, якія затрымалі і збілі яго, працягнецца 23 ліпеня.

belapan.by

Фота ПЦ Вясна