Пачаўся суд над унукам, які забіў дзядулю і бабулю
10 кастрычніка ў будынку суда Слонімскага раёна а 10-й гадзіне пачаўся суд над 17-гадовым Аляксандрам Грудзьком, які сёлета ў красавіку ў Слоніме забіў сваіх дзядулю і бабулю Леаніда і Тамару Богданаў. Леанід Богдан быў скульптарам, шмат зрабіў бюстаў, помнікаў, шыльдаў і бясплатна падараваў роднаму Слоніму.
Суд вядзе суддзя Ігар Собалеў. Юнак падазраецца па артыкуле 139 КК Рэспублікі Беларусь (п.6,8,16, ч.2). Суд у Слоніме адкрыты. На суд прыехала маці Аляксандра Грудзько з Арабскіх Эміратаў, а таксама прыйшлі журналісты і слонімцы.
Тая трагедыя разгулялася каля апоўначы, калі Леанід і Тамара ўбачылі ў унука электронную цыгарэту. Сваякі не зразумелі, што гэта за прылада, думаючы, што яна звязана з наркотыкамі. Такая версія абурыла ўнука, ён схапіў нож ды металічны шуфлік і гэтымі прадметамі забіў бабулю і сур’ёзна параніў дзядулю. Скульптар прасіў выклікаць хуткую, але юнак адправіўся ў гараж, узяў там сякеру і дабіў ёй дзядулю. Пазней вопратку і сякеру ён выкінуў у балаціну на рацэ Шчара. Далей юнак накіраваўся ў Свята-Траецкі сабор і паведаміў святару, што ў хату нібыта ўварваліся рабаўнікі ў масках і здзейснілі забойства.
Супрацоўнікі міліцыі вызначылі, што ніякіх рабаўнікоў не было, а забіў пенсіянераў іх уласны ўнук. Вінаватасць мае даказаць суд.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім