Пачаўся суд над Аляксеем Сцерлікавым



Суд над Аляксеем Сцерлікавым пачаўся ў Менску. Яго затрымалі 23 верасня 2020 года (у той дзень была інаўгурацыя Лукашэнкі), з тых часоў ён утрымліваецца пад вартай.

Абвінавачваюць яго ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з пагрозай прымянення гвалту (частка 2 артыкула 363 КК РБ). Пацярпелым прызнаны інспектар ДАІ Максім Завадскі.

23 верасня ўначы Сцерлікаў на сваёй машыне стаў у корак на праспекце Дзяржынскага. Сілавікі пачалі біць яго машыну. Бакавое шкло вылецела, а лабавое — трэснула. Кіроўца намагаўся з’ехаць, а за ім адправіліся дзве машыны ДАІ. Пры затрыманні яго збілі, а потым адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Там Аляксей Сцерлікаў некаторы час сядзеў з Ягорам Марціновічам, галоўным рэдактарам “Нашай нівы”. Зараз Ягор наведаў гэты суд:

– Тыя траўмы, якія атрымаў інспектар ДАІ, і за якія судзяць цяпер Аляксея, былі нанесеныя дзвярыма яго машыны. І гэтыя дзверы адкрыў не сам Аляксей, а іншы “даішнік”. Яны былі адкрытыя, і імі шандарахнула гэтага “даішніка”. І вось за гэты інцыдэнт яму пагражае да пяці гадоў зняволення.

Сам жа пацярпелы інспектар ДАІ Максім Завадскі заявіў да Сцерлікава пазоў на 20 тысяч беларускіх рублёў. Такі памер сваіх маральных пакут ён растлумачыў тым, што яго “жыццё бясцэннае”.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя