Пачаўся суд над Эдуардам Пальчысам
Пачаўся суд над Эдуардам Пальчысам, які зрабілі закрытым. Блогера і актывіста абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Працэс праходзіць у Менскім гарадскім судзе. Эдуарду пагражае да 12 гадоў турмы.
У ТГ-каналах з’явілася інфармацыя, што Эдуард Пальчыс заявіў адвод суду і адмовіўся ўставаць. «Я не лічу гэта судом», — сказаў ён. Суддзя Пятро Арлоў зрабіў пасяджэнні закрытымі.
Эдуард Пальчыс быў затрыманы ў верасні 2020 года і першапачаткова асуджаны на 30 сутак, аднак праз месяц яго не выпусцілі, а выставілі абвінавачванне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» па ч. 1 арт. 293 КК. Потым дадалі яшчэ тры крымінальныя артыкулы:
• ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
• ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
• ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Жонка Эдурда Пальчыса Вікторыя ўвосень 2020 года пакінула краіну, у снежні ў яе нарадзілася дачка.