Пачаўся суд над гомельскім праваабаронцам Леанідам Судаленкам (абноўлена)
Суд Цэнтральнага раёну Гомеля (суддзя Сяргей Салоўскі) пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні праваабаронцы Леаніда Судаленкі і дзвюх яго памочніц — Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі. Пад дзвярыма самай вялікай залы суда Цэнтральнага раёна Гомеля сабраліся некалькі дзясяткаў гомельцаў, якія хацелі патрапіць на пасяджэнне. Але ў іх не атрымалася. Гамяльчук Вадзім распавядае пра акалічнасці першага судовага дня.
– Працэс хоць і называецца адкрытым, але ён паўадкрыты. Сілавікі ў цывільным у холе, займаюць свабодныя месцы. Ім чамусьці можна заходзіць, а проста слухачам нельга. Нельга сказаць, што цалкам закрыты суд, таму што пусцілі блізкіх. Складана назваць гэта судом, я чытаў, у чым абвінавачваюць Леаніда – ён проста дапамагаў людзям. Рэпрэсіі ды і ўсё.
Судаленку вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь) і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне (частка 2-я таго ж артыкула). Сярод гэтых дзеянняў следства ўгледзела, напрыклад, эпізод, калі Судаленка дапамог сабраць грошы на пакупку дроваў жанчыне, мужа якой рэпрэсавалі.
Гэта проста расправа над праваабаронцам, супраць якога няма ніякіх фактаў здзяйснення злачынства, — заяўляе прадстаўнік “Вясны” Зміцер Салаўёў:
– Я думаю, для міжнароднай супольнасці гэта будзе знакавым кейсам, які можна пісаць у падручнікі – і па гісторыі, і па гісторыі праваабароны ў Беларусі, дзе відавочна, што чалавек настолькі адкрыта, шчыра выконваў сваю праваабарончую дзейнасць, не парушаючы нічога. І нават не парушаючы лукашысцкае заканадаўства, якое з’яўляецца рэпрэсіўным. Але нават яго Судаленка не парушыў ніякім чынам.
Леаніда Судаленку і яго памочніц Марыю Тарасенку і Таццяну Ласіцу затрымалі 18 студзеня 2021 года. Праз тры дні Марыю Тарасенку выпусцілі пад падпіску. Усіх траіх валанцёраў “Вясны” вінавацяць у арганізацыі і фінансаванні масавых беспарадкаў. Аднак у матэрыялах справы фігуруюць у асноўным выпадкі, калі Леанід Судаленка дапамагаў ахвярам палітычных рэпрэсій.
У справе, у якой 77 тамоў, апыталі каля 300 сведак. У суд выклікалі каля 50 чалавек. Паседжанні прызначаныя практычна на кожны працоўны дзень. Судзіць праваабаронцу будуць і ў ягоны 55-ы дзень нараджэння, 23 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя