Суд над Уладзімірам Кондрусем за Плошчу-2010



Суд прыняў пастанаву аб прызначэнні стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы Уладзіміру Кондрусю, якога вінавацяць па частцы 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі» за ўдзел у Плошчы-2010. У суддзі ўзніклі сумненні ў псіхічным стане абвінавачанага з-за спробы суіцыду ў зале суда. Па заканчэнні экспертызы  судовую справу працягнуць. Як адзначае прысутны  Павел Севярынец, Уладзімір Кондрусь такім чынам зламаў  сцэнар паказальнага судзілішча.

– Карная сістэма падрыхтавалася рабіць чарговы спекатакль. А Уладзімір Кондрусь ім гэты спектакль зламаў. Прыйшлі ўсе нафарбаваныя, пры парадзе, з іголачкі міліцыянты, сакратаркі, суддзя, пракурор. А Уладзімір проста лёг на падлогу, рукі за галаву і не прызнае гэта за суд. Пачалі раіцца, вырашылі выдаляць Кондруся, ён у адказ у знак пратэста ўзяўся рэзаць сабе вены. Увесь спектакль паламаны. Крычаць, тэлефануюць. Я ўжо думаю, што нават і да Лукашэнкаі дазваніліся. І вымушаныя зараз адкладаць на экспертызу на некалькі тыдняў гэтае судзілішча.

Працэс над Уладзімірам Кондрусем, якога праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычным вязнем, праходзіў у адкрытым фармаце. Падтрымаць палітвязня на судзе прыйшлі лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, былы палітвязень, стваральнік сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс ды іншыя актывісты беларускай апазіцыі. У якасці сведак у зале суда прысутнічалі бацькі Уладзіміра Кондруся.

* * *

У судзе Маскоўскага раёна Менска 16 лістапада пачаўся разгляд справы Уладзіміра Кондруся — удзельніка Плошчы-2010, якога затрымалі праз 5 гадоў і судзяць за ўдзел у масавых беспарадках. Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

viberimage6-i4wtx

На працэсе прадугледжаныя надзвычайныя меры бяспекі. Уваход адбываецца праз рамку металашукальніка, усіх пільна абшукваюць і здымаюць на відэа. Партатыўная відэакамера прышпілена нават да курткі аднаго з міліцыянтаў у цывільным, які праглядае асабістыя рэчы тых, хто прыйшоў на працэс.

Пасяджэнне вядзе суддзя Святлана Бандарэнка.

Таксама на працэс прыйшлі палітыкі Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, Павел Севярынец і блогер Эдуард Пальчыс.

viberimage8-mhbkc

У сваю чаргу, Кондрусь, трапіўшы ў клетку ў залі суда, зрабіў сабе на падлозе імправізаваны ложак з уласнага верхняга адзення і лёг на яго, заклаўшы рукі за галаву.

sud-gpib7

Суддзя Бандарэнка адразу ж абвясціла 10-хвілінны перапынак, каб адвакат Мушынскі пагаварыў з Кондрусем пра яго паводзіны. Аднак пасля кароткай размовы Кондрусь вярнуўся на свой «ложак».

11:00

Такім чынам прайшло каля 20 хвілін. Нічога не змянілася: Кондрусь ляжыць на падлозе, адвакат Мушынскі сядзіць за сталом. Суддзя адсутнічае, нягледзячы на тое, што перапынак планаваўся 10-хвілінны.

Тым часам Павел Севярынец пайшоў «у народ».

«Палова беларускага народу так ляжыць, — абвясціў ён міліцыянтам. — А вы гэта ахоўваеце!».

Праўда, на міліцыянтаў, здаецца, яго прамова аніяк не паўздзейнічала.

11:00

Падняць Кондруся паспрабаваў і Мікола Статкевіч.

«Уладзімір, захварэеш, ідзі на скамейку прыляг!», — параіў ён. Але Уладзімір уставаць так і не надумаў.

11:05

Нарэшце вярнулася суддзя Бандарэнка. viberimage11-utims

«Вы можаце штосьці сказаць? Якія праблемы са здароўем?», — пацікавілася яна ў Кондруся.

У адказ — маўчанне.

Адвакат узгадаў пра тое, што Кондрусь у СІЗА знаходзіцца пад наглядам медыкаў. Але асабіста яму, здаецца, абвінавачаны на здароўе не скардзіўся.

Суддзя абвясціла яшчэ адзін перапынак — вырашылі выклікаць Кондрусю хуткую дапамогу.

Невядома, што з ім. Але, ва ўсякім выпадку, выглядае гэта як свядомы пратэст, а не як наступствы хваробы.

Усіх вывелі з залі.

«Я цябе вельмі люблю!», — выгукнула Уладзіміру яго сястра. Той не варухнуўся.

11:15

Тым часам бацькі Кондруся чакаюць у фае — яны выступаюць як сведкі і не могуць прысутнічаць на працэсе, пакуль іх не выклічуць.

11:30

Адвакат Мушынскі пацвердзіў, што Кондрусь ляжыць на падлозе не праз праблемы са здароўем.

«Ён мне сказаў, што гэта пратэст, — паведаміў «Нашай Ніве» Мушынскі. — Кондрусь пратэстуе супраць свайго крымінальнага пераследу».

Прагназаваць, чым скончыцца справа, Мушынскі не рашыўся.

11:37

Прыехала хуткая. Дактары ў залі суда.

11:45

Журналістаў пусцілі ў залю суда. Клетка пустая – Кондруся няма.

12:00

Уводзяць Кондруся.

Суддзя:

«Па стане здароўя Уладзімір Кондрусь можа удзельнічаць у працэсе».

А сам абвінавачаны тым часам ізноў лягае на падлогу.

Суддзя Бандарэнка робіць яму заўвагу і пагражае выдаліць з пасяджэння. Той не рэагуе.

«Вены рэжа!» — выгукнуў міліцыянт.

Міліцыя ўляцела ў клетку. Бачна, што Кондрусь чымсцьці чыркае па руцэ. Міліцыянты трымаюць яго за рукі.

У зале паніка — сваякі Кондруся лямантуюць. Міліцыя крычыць: «Пакіньце, усе, залу!».

Севярынец крычыць: «Міліцыя, вы дапамагаеце бандытам!»

12:11

«Божа, божа, якія звяры!», — плача сястра Кондруся. Статкевіч адгаворвае яе ісці да бацькоў абвінавачанага, бо сур’ёзныя пашкоджанні ён сабе нанесці не паспеў. Севярынец працягвае крычаць штосьці ў бок міліцыі.

Плача і цётка Кондруся, і нават Марына Адамовіч, жонка Статкевіча.

Пракурор пасміхнулася, калі выходзіла з залы.

«Чаму вы смяецеся? Калі б такое адбылося з вашым дзіцяці?», — пракрычала ёй у спіну сястра Кондруся.

12:18

Тым часам Севярынец прапаведуе міліцыянтам:

«Прыходзьце дамоў, маліцеся, а потым бярыце чысты аркуш паперы і пішыце рапарты аб звальненні. Падумайце, каму вы служыце!».

Міліцыя заяўляе:

«Абвінавачанаму аказалі медыцынскую дапамогу, яго жыццю нічога не пагражае».

Міліцыя і супрацоўнікі суда заклікаюць усіх выйсці з залы. Ніхто не рэагуе. Сваякі Кондруся заяўляюць, што будуць чакаць суддзю.

Святлана Бандарэнка, суддзя, выйшла, калі вывелі Кондруся.

12:40

Людзі працягваюць сядзець у зале. Суддзя Бандарэнка так і не выйшла. Афіцыйна перапынак не абвешчаны.

13:00

Сакратары кажуць, што абвешчаны перапынак. Але нічога не мяняецца — людзі па-ранейшаму сядзяць у зале. Суддзя так і не выйшла. Ці працягнецца сёння пасяджэнне, невядома.

13:06

Суддзя вяртаецца. Пасяджэнне працягнецца без Кондруся, які «выдалены за парушэнне парадку». Севярынец і Статкевіч дэманстратыўна сыходзяць.

Суддзя Бандарэнка вырашае прызначыць Кондрусю псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

Пасяджэнне працягнецца, калі будуць вядомыя вынікі. Гэта значыць, на сёння працэс скончаны.

***

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска.

Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы — яны далі падпіску аб неразгалошванні.

Сам Уладзімір амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасля чаго стан яго здароўя моцна пагоршаў: ён не мог нават самастойна хадзіць.

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязнем. Наша Ніва 

Фота Сяргея Гудзіліна