Пачаўся суд над жыхаром Гародні, які падпаліў дзверы апорнага пункта міліцыі



У судзе Ленінскага раёна Гародні 29 сакавіка пачалі разглядаць справу 41-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Красніцкага.

Ён разведзены і выхоўвае 14-гадовага сына, які цяпер жыве з бабуляй. У 2018 годзе Красніцкага асудзілі на паўтара года „хатняй хіміі” за гвалт альбо пагрозу гвалту над супрацоўнікам міліцыі. У апошні час ён працаваў у Расеі. Цяпер мужчыну абвінавачваюць ва ўхіленні ад адбыцця пакарання (арт. 415 КК) і хуліганстве (арт. 339 КК). Яго зноў затрымалі 3 лістапада мінулага года.

Згодна з дзяржаўным абвінавачаннем, Красніцкі павінен быў выконваць адпаведны рэжым на „хатняй хіміі”, рэгулярна прыходзіць у міліцыю, знайсці працу, не выязджаць з горада без дазволу, не наведваць масавыя мерапрыемствы. Аднак, паводле дадзеных абвінавачання, ён неаднаразова парушаў гэтыя правілы: перыядычна не з’яўляўся ў міліцыю, часам не прыходзіў на працу ці быў у нецвярозым выглядзе на працы, самавольна выязджаў з горада.

Паводле афіцыйнай версіі, 3 лістапада мінулага года Красніцкі абліў гаручай сумессю дзверы апорнага пункта міліцыі Ленінскага раёна Гародні і падпаліў іх. Пашкоджанне дзвярэй ацанілі ў 83 рублі 17 капеек.

Красніцкі цалкам прызнаў віну ў падпале, але аспрэчыў некаторыя эпізоды ўхілення ад адбыцця пакарання. Ён патлумачыў, што парушыў рэжым з уважлівых прычын: заснуў і не прыйшоў у міліцыю, пашкодзіў руку, таму не выйшаў на працу, на Вялікдзень выпіў алкаголь, паехаў на працу ў Расію, каб утрымліваць сына, але папярэдзіў пра гэта інспектара.

Што тычыцца падпалу, то Красніцкі паведаміў, што 3 лістапада гуляў. Убачыў, як мужчына запраўляе машыну і папрасіў прадаць яму крыху паліва. „Мяне пакрыўдзіла, што мяне несправядліва асудзілі па артыкуле 364. Я хацеў проста загадзіць дзверы апорнага пункта, проста запэцкаць іх”, — сказаў ён. Мужчына прадаў яму паўбутэлькі паліва за рубель.

Як растлумачыў Красніцкі, міма гэтага пункта ён часта хадзіў на заняткі спортам на адкрытым паветры. Ён ніколі не бачыў, каб дзверы былі адчыненыя або адтуль выходзілі людзі. Дзверы заўсёды былі закрытыя ралетамі. Паводле слоў мужчыны, ён не думаў, што нанясе вялікую шкоду памяшканню, таму што такая колькасць паліва „не падпаліць дзверы, яны могуць толькі пацямнець”. Красніцкі падпаліў дзверы, але калі адыходзіў ад пункта, полымя ўжо згасла.

У судзе абвясцілі перапынак, пасля якога сёння пройдзе допыт сведкі.

belapan.by