Пачаўся суд па гучнай справе з удзелам чыноўнікаў ФСАН і Нацбанка



У судзе Ленінскага раёна Менска 1 лютага пачалося слуханне справы аб карупцыйнай схеме, выбудаванай былым кіраўніцтвам СЗАТ „БелАВМ” і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

Працэс вядзе суддзя Марына Запаснік, дзяржабвінаваўца — прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Вадзім Кісель. У справе 19 тамоў і каля 50 сведак.

Зала суда цалкам запоўненая — прыйшлі сваякі і групы падтрымкі абвінавачаных.

Фігуранты справы — былыя кіраўнікі і кіраванцы:

кіруючая ФСАН Людміла Бачыла, якая абвінавачваецца па чч. 2 і 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару);

начальнік упраўлення інфарматызацыі ФСАН Віталь Старавойтаў (ч. 2 арт. 424 КК, ч. 2 арт. 430 КК);

начальнік галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацбанка Анатоль Мароз (ч. 2 арт. 424, ч. 2 арт. 430 КК);

намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацбанка Кацярына Паўлоўская (ч. 2 арт. 424 КК, ч. 2 арт. 430 КК);

старшыня праўлення ААТ „Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя” Адзіная разлікова-інфармацыйная прастора „(АРІП) Алег Верамейчык (ч. 2 арт. 424 КК, ч. 3 арт. 430 КК);

генеральны дырэктар СЗАТ „БелАВМ” Дзмітрый Ронін (чч. 1 і 2 арт. 431 КК (дача хабару));

намеснік гендырэктара ЗАТ „БелАВМ” Мікалай Рамановіч (чч. 1 і 2 арт. 431 КК);

супрацоўнік СЗАТ „БелАВМ” Леанід Гарбачэўскі (ч. 2 арт. 431 КК).

З васьмі фігурантаў справы шасцёра ўтрымліваюцца пад вартай. У Роніна — тры адвакаты.

20 снежня 2016 года КДБ паведаміў, што „выявіў маштабныя карупцыйныя схемы, арганізаваныя работнікамі СЗАТ „БелАВМ” на чале з генеральным дырэктарам Дзмітрыем Роніным, у якія былі ўцягнутыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў”.

Паводле інфармацыі КДБ, 15 снежня пры атрыманні ад Роніна хабару ў памеры 20 тыс. долараў з доказамі злачынства была затрыманая кіруючая ФСАН Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людміла Бачыла. Незаконнае грашовае ўзнагароджанне перадавалася за аказанае спрыянне ў прызнанні кампаніі пераможцам аўкцыёну па закупцы абсталявання для патрэб фонду. У дачыненні да Бачылы была распачатая справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару), у дачыненні да Роніна — па ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару).

Затрымалі таксама намесніка гендырэктара ЗАТ „БелАВМ” Мікалая Рамановіча як саўдзельніка ў перадачы хабару Бачылу, супрацоўніка кампаніі Леаніда Гарбачэўскага і начальніка ўпраўлення інфарматызацыі ФСАН Віталя Старавойтава, адказнага за падрыхтоўку конкурсных дакументаў на закупку сродкаў вылічальнай тэхнікі. Паводле інфармацыі КДБ, гэтыя асобы, знаходзячыся ў злачыннай змове, распрацавалі „патрэбнае” тэхнічнае заданне, якое дазволіла СЗАТ перамагчы ў аўкцыёне. За аказанае садзеянне Старавойтаў пры пасярэдніцтве Гарбачэўскага атрымаў хабар у 4 тыс. долараў.

15 снежня па падазрэнні ў карупцыйных сувязях з СЗАТ „БелАВМ” быў затрыманы старшыня праўлення ААТ „Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя „Адзіная разлікова-інфармацыйная прастора” (АРІП) Алег Верамейчык (раней — начальнік галоўнага ўпраўлення АРІП НБ Беларусі). Паводле інфармацыі КДБ, у ліпені 2016 года ён атрымаў ад Роніна 9 тыс. долараў, а ў лістападзе — 6.400 еўра за спрыянне ў арганізацыі і правядзенні ў інтарэсах „БелАВМ” „дамоўнага” тэндару на пастаўку абсталявання на суму каля 28 млрд недэнамінаваных рублёў.

Акрамя таго, спецслужбы затрымалі начальніка галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацбанка Анатоля Мароза і яго намесніка Кацярыну Паўлоўскую. Паводле звестак КДБ, былі задакументаваныя тры эпізоды атрымання Марозам ад Роніна хабараў у суме не меншай за 13 тыс. долараў за выбар „БелАВМ” у якасці пастаўшчыка абсталявання, а таксама факт яго пасярэдніцтва пры атрыманні хабару Паўлоўскай.

Пасля затрымання ўсіх фігурантаў узялі пад варту. Пазней былі адпушчаныя Гарбачэўскі і Рамановіч.

belapan.by