Пачаўся суд супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці



27 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Берасця пачаўся разгляд іску групы грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр”.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, які прысутнічаў у судовым пасяджэнні, істцы маюць намер дамагчыся прыпынення гаспадарчай дзейнасці ТАА „АйПаўэр”, якое пачало будаўніцтва  акумулятарнага завода.

Завод будуецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На прадпрыемстве будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Паводле слоў праваабаронцы, істцы, у прыватнасці, заяўляюць аб парушэннях працэдуры правядзення грамадскага абмеркавання гэтага праекта, рэалізацыя якога, на іх думку, будзе мець „значнае шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе рэгіёну”. Праект прадугледжвае арганізацыю небяспечнай вытворчасці: ліцейнай вытворчасці са свінцу і яго сплаваў (магутнасцю больш за 13 тысяч тон за год), элементы хімічнай вытворчасці з выкарыстаннем свінцу, яго сплаваў і сернай кіслаты, а таксама зборачныя аперацыі, у тым ліку прымяненне паяння расплаўленым свінцом.

Істцы просяць суд прыпыніць гаспадарчую дзейнасць ТАА „АйПаўэр” па будаўніцтву завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

„27 лютага адбылося папярэдняе судовае пасяджэнне. На ім акрамя істцоў былі заслуханыя прадстаўнікі ТАА” АйПаўэр” і Брэсцкага райвыканкама. Прадстаўнікі „АйПаўэр” і райвыканкама пярэчылі супраць іскавых патрабаванняў і заяўлялі, што грамадскае абмеркаванне гэтага праекта праведзенае ў адпаведнасці з заканадаўствам і завод будуецца на законных падставах, — распавёў Кісляк. — У іску райвыканкам быў заяўлены як трэцяя асоба, але сёння суд змяніў яго працэсуальны статус і прыцягнуў па справе ў якасці суадказчыка”.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 21 сакавіка.

Праваабаронца адзначыў, што пры падачы іскавай заявы было заяўленае хадайніцтва аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода ў якасці меры забеспячэння іску. Раней суд адмовіў у задавальненні такога хадайніцтва. У адказ істцамі пададзеная прыватная скарга, якая будзе разгледжаная 12 сакавіка ў Брэсцкім абласным судзе.

„Жыхары рэгіёна выкарыстоўваюць усе магчымасці для спынення будаўніцтва завода свінцова-кіслотных батарэй, бо не хочуць жыць побач з такой небяспечнай вытворчасцю”, — заявіў Кісляк.

Як раней паведамляў БелаПАН, жыхары Брэсцкага раёна і Брэста лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. 6 студзеня актывісты пачалі збор подпісаў супраць яго будаўніцтва. 15 студзеня на сустрэчы ў Доме культуры вёскі Тэльмы Брэсцкага раёна чыноўнікі і прадстаўнікі завода не змаглі даць выразны адказ на шэраг пытанняў, якія задавалі ім прадстаўнікі грамадскасці. Пасля Брэсцкі гарвыканкам не падтрымаў прапанову правесці сустрэчу з жыхарамі горада з нагоды будаўніцтва акумулятарнага завода. Брэсцкі аблвыканкам на калектыўны зварот адказаў, што не бачыць падстаў для прыпынення будаўніцтва. 22 лютага ў Адміністрацыю прэзідэнта былі перададзеныя амаль 37 тыс. подпісаў жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна супраць будаўніцтва прадпрыемства.

25 лютага ў Брэсце прайшла акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Блізу 150 чалавек, жыхары Брэста і Брэсцкага раёна, сабраліся каля поўдня на плошчы Леніна. Ніякіх плакатаў і транспарантаў яны не разгортвалі. Людзі стаялі групамі і абмяркоўвалі, якія далейшыя крокі неабходна распачаць, каб дамагчыся спынення будаўніцтва.

Фота Sputnik Беларусь