Павел Латушка прапанаваў прыпыніць удзел Беларусі ў Балонскім працэсе (абноўлена)



Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павел Латушка заявіў, што трэба прыпыніць удзел Беларусі ў Балонскім працэсе з прычыны апошніх падзей у беларускіх ВНУ. Такую заяву ён зрабіў падчас Сусветнага кангрэсу беларусаў.

Кангрэс будзе доўжыцца 26 гадзін, цягам якіх беларусы ўсяго свету абмяркоўваюць выхад краіны з палітычнага крызісу, эксперты абменьваюцца вопытам дэмакратычных краін і разважаюць над планам адраджэння свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Арганізатары плануюць скончыць кангрэс а 2-й гадзіне 1 лістапада па менскім часе.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Апоўначы 31 кастрычніка ў анлайн-фармаце пачаўся 26-гадзінны Усясветны кангрэс беларусаў.

Яго арганізавала супольнасць «Беларусы замежжа», у якую ўваходзяць беларускія дыяспары з чатырох дзясяткаў краін, паведаміў БелаПАН.

Паводле сакратара супольнасці Арцёма Лядоўскага, галоўная задача кангрэсу — пачатак адкрытай грамадскай дыскусіі аб прычынах цяперашняга беларускага крызісу і ягоных паследках.

«Сярод нас ёсць людзі ўсіх прафесій, наш супольны досвед — сотні гадоў», — сказаў Лядоўскі.

На адкрыцці кангрэсу выступіла Святлана Ціханоўская. Яна выказала ўпэўненасць, што кангрэс дапаможа знайсці «выйсце з крызісу, да якога давёў цяперашні рэжым».

Кангрэс таксама павітала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, сябры прэзідыўму Каардынацыйнай рады Павел Латушка і Сяргей Дылеўскі. Паводле арганізатараў, на кангрэсе выступяць больш як 100 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя