Пачаўся Вялікі пост
Сёння ў Праваслаўнай Царкве пачаўся Вялікі пост. Гэта галоўны з чатырох шматдзённых гадавых постаў, які адрозніваецца ад астатніх сваёй строгасцю, працягласцю і літургічнай узнёсласцю.
З прычыны свайго характару і значэння Вялікі Пост заслугоўвае асаблівай ўвагі. Быў ён устаноўлены ў апостальскія часы па прыкладзе Хрыста, які сорак дзён самотна пасціў і маліўся (Мацв. 4,2), а таксама на ўзор постаў у Старым Запавеце. Святыя Айцы шмат разоў падкрэслівалі значэнне Вялікага Посту. Св. Ігнацій Баганосец перасцерагаў: „Чатырадзесятніцу паважайце”. Св. Кірыла Александрыйскі ў 4-м стагоддзі, а таксама св. Еранім гэтак жа настойвалі на тым, каб пост быў выкананы з поўнай сур’ёзнасцю і строгасцю, у адпаведнасці са старажытнай практыкай. Першапачаткова працягласць Вялікага посту была неаднолькавая: не ва ўсіх Цэрквах ён пачынаўся і канчаўся адначасова. Пачынаючы з 4-га стагоддзя, на Усходзе пачатак посту ўстаноўлены на панядзелак пасля сырапуснай нядзелі, а заканчэнне — у Вялікую суботу. Прызначэнне посту на перыяд перад днямі пакутаў і смерці Хрыста надаюць яму спецыяльны статус і значэнне. Паколькі праз пакуты і ўваскрэсенне Хрыстовае мы атрымалі дар будучага ўваскрэсення і жыцця вечнага, дык дзеля дасягнення гэтага мы павінны браць прыклад з Хрыста ў Ягонай чысціні і святасці. Вялікі пост спрыяе духоўнаму ўдасканаленню, дазваляе ўтаймаваць пажадлівасці, пераадолець грэх і прымірыцца з Богам. Шляхам раскаяння, пакоры, узмоцненай малітвы і памяркоўнасці ў ежы і піцці пост здольны духоўна аднавіць чалавека і зрабіць яго годным удзелу ў радасці Уваскрэсення Хрыстовага.
Вялікі Пост нагадвае таксама старазапаветную дзесяціну — звычай ахвяроўвання Богу дзясятай часткі ўсяго свайго дабра, здабытага ўласнай працай (Быццё. 14, 20 і 28, 22; Лев. 27, 30; Лікі. 18, 21). Пасля адлічэння ўсіх субот і нядзеляў ад сямі тыдняў посту і ўлічваючы Вялікую суботу ажно да поўначы, атрымоўваем 36,5 дня — дакладна дзесятую частку года. Гэты перыяд прысвечаны ахвяраванню Богу плёну працы над самім сабою: раскаяння, стрыманасці і добрых учынкаў, каб дзякуючы ім атрымаць блаславенства на ўвесь год.
Велікапосныя багаслужбы выразна адрозніваюцца ад штодзённых і святочных. Яны пабудаваны гэтак, каб схіліць вернікаў да раскаяння і посту. Яны прынцыпова менш урачыстыя, святары і ўвесь інтэр’ер храма ўбраны ў цёмнае. Слабейшае асвятленне царквы, радзей і больш працягла гучаць званы, а большасць гімнаў і песняў не спяваецца, а чытаецца. Вернікі таксама часцей кленчаць і робяць паклоны. Іншы таксама змест багаслужбаў. Часцей, чым звычайна, чытаюцца псалмы, якія настройваюць да малітвы і раскаяння. Цытуюцца словы прарока Ісаіі, у якіх асуджаюцца грэшнікі, і тэксты з кнігі Быцця, у якіх гаворыцца пра падзенне першых людзей і Божую міласэрнасць. Усе велікапосныя багаслужбы змяшчаюць малітву св. Яфрэма Сырыйца з просьбай пра пераадоленне нашых заганаў ляноты, роспачы, пыхі і дараванне розуму, пакоры, цярплівасці і любові.
У час Вялікага посту Царква заклікае да большага самакантролю, стрыманасці і ўзмоцненай дбайнасці пра сваё збаўленне праз павучальныя прыклады святых. Гэтым самым яна адкрывае перад сваімі духоўнымі дзецьмі сваю багатую скарбніцу, каб падняць іх з падзення і скарыстаць перыяд Вялікага посту для духоўнага аднаўлення вернікаў.
Сёлета Вялікі Пост завершыцца 15 кркасавіка, паколькі Вялікдзень усе хрысціяне будуць адзначаць у адзін дзень – 16 красавіка.