Пачаўся захоп папулярных лакальных медыя
Іх перадаюць рэдакцыям дзяржСМІ. Як піша „Наша Ніва“, дакладна вядома пра тры выпадкі — рэзкія змены ў тэлеграм-канале «Наш родны край Лагойск», захоп інстаграм-канала «Стоўбцы Сіці» і змена ўладальніка рэсурса kraj.by.
У выпадку з лагойскім рэсурсам змянілася шыльда на «Лагойск (не) афіцыйна» й паведамленне пра тое, што на арыгінальным канале знайшлі т. з. «экстрэмісцкія матэрыялы», таму на яго базе створаны «новы канал», які не мае нічога супольнага са старым. Усе допісы з яго былі выдаленыя. Цяпер на ім проста цытуюцца афіцыйныя паведамленні і допісы прапагандысцкае «Мінскай праўды». Падобна, што з дапамогай сілавых структураў «Мінская праўда» вырашыла падмяць пад сябе ўсе медыя Менскае вобласці — як дзяржаўныя, гэтак і недзяржаўныя.
Беларускае Радыё Рацыя