Пачаўся збор подпісаў за захаванне львоў італьянскага скульптара



Сябры Слонімскага грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “Мінолс” пачалі збор подпісаў пад зваротам у Міністэрстава культуры Рэспублікі Беларусь, у Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам. У звароце паведамляецца, што жыхары Слоніма і Слонімскага раёна звяртаюцца да вас з просьбай прыняць неабходныя меры дзеля ўратавання архітэктурнага помніка першай паловы XIX стагоддзя – палаца Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін горада Слоніма.

Дзякуючы Войцеху Пуслоўскаму ў першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваны палац, флігель, стайня, закладзены парк, адкрыта шмат прадпрыемстваў. Асаблівую каштоўнасць сёння маюць сам палац Пуслоўскіх і флігель. Галоўны ўваход палаца аформлены скульптурамі ляжачых львоў і вазамі – дэкаратыўны элемент архітэктуры класіцызму першай паловы XIX стагоддзя. Аўтарам гэтых львоў быў вялікі італьянскі скульптар Антоніо Канова (1757-1822). Той скульптар, імя якога Папа Пій VII загадаў упісаць у Залатую кнігу Капітолія і надаў яму тытул маркіза д’Іскіа. Самыя вялікія яго працы цяпер знаходзяцца ў парыжскім Луўры і ў пецярбургскім Эрмітажы. Відаць, Антоніо Канова быў добра знаёмы яшчэ з Войцехам Пуслоўскім, па просьбе якога былі зроблены гэтыя шыкоўныя скульптуры. Яшчэ два венецыянскія львы стаялі каля ўваходу на тэрасу. Але яны да сённяшніх дзён у Альбярціне не зберагліся. А гэтыя два львы, якія захаваліся да сённяшніх дзён у Альбярціне, тэрмінова патрабуюць дапамогі. Яны моцна пашкоджаны і іх трэба рэстаўраваць, бо калі гэта не будзе зроблена – славутыя помнікі-львы проста рассыплюцца, як пясок.

Тэрміновай дапамогі патрабуе і сам палац Пуслоўскіх, як фасад будынку, так і інтэр’ер памяшкання. Тое самае можна сказаць і пра флігель Пуслоўскіх, які знаходзіцца побач з палацам.

Просім вас знайсці і выдаткаваць сродкі на тое, каб захаваць гэтыя прыгожыя помнікі ў старажытным Слоніме. Тым больш, што ў 2019 годзе ў горадзе над Шчарай адбудзецца рэспубліканскае свята беларускага пісьменства і друку”, – паведамляецца ў звароце слонімцаў.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара