Пачуць чужую бяду



Адная з самых неабароненых катэгорый грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі – гэта глухія. Такіх у Беларусі налічваецца звыш 11 тысяч. Галоўная праблема крыецца ў дасяжнасці інфармацыі ды інтэграцыі ў соцыум. Некаторыя глухія неадукаваныя, закрытыя ў сваім свеце, бо каб дастукацца да іх, трэба валодаць мовай жэстаў.

На Берасцейшчыне, да Міжнароднага дня глухіх, які 55 год запар адзначылі ў апошнія выходня верасня, раённыя сацыяльна-тэрытарыяльныя цэнтры праводзяць прафілактычную акцыю. Напрацягу тыдня грамадзян знаёмяць з самымі простымі, але неабходнымі жэстамі глухіх.

У апошнія гады глухім па магчымасці дапамагаюць атрымаць рэабілітацыйныя сродкі, кажа чалец Берасцейскага абласнога праўлення аб’яднання інвалідаў Галіна Васільева:

– Чалавек, які пакутуе ад глухаты ці глуха-нематы, мае права звярнуцца для распрацоўкі праграмы рэабілітацыі з мэтай атрымання слыхавых апаратаў, тэлевізараў з тэлетэкстам, гукавых і вібрацыйных сігналізатараў, тэлефонных прыстасаванняў з сурдаперакладам. Гэтыя сродкі ім выдзяляюцца раз у сем гадоў.

У Беларусі існуе 7 спецшкол-інтэрнатаў для дзяцей са слабым слыхам і 6 спецшкол-інтэрнатаў для глухіх дзяцей ды дзейнічае 8 прадпрыемстваў, дзе могуць працаўладкаваца глухія.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя