У Менску судзяць журналістак „Белсата” Андрэеву і Чульцову (абноўлена)



У Фрунзенскім судзе Менску разглядаецца крымінальная справа журналістак тэлеканалу „Белсат” Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

Справу разглядае суддзя Наталля Бугук. „Судом гэтае дзейства цяжка назваць”, – пракаментаваў у нашым эфіры намеснік дырэктара тэлеканала „Белсат” Аляксей Дзікавіцкі:

– Мы адмаўляемся называць гэта судом. Гэта хутчэй судзілішча. Нармальны незалежны суд першае, што мусіў зрабіць, гэта вызваліць дзяўчат адразу без далейшага разгляду, бо яны абсалютна ні ў чым не вінаватыя. Хіба што толькі ў тым, што яны выконвалі свае службовыя абавязкі. Таму мы, як “Белсат”, натуральна патрабуем неадкладнага вызвалення нашых журналістак і спынення гэтага дзікунства, цемрашальства, якое адбываецца ў еўрапейскай краіне – Беларусі – у 2021 годзе.

15 лістапада Кацярына Андрэева і Дар’яй Чульцова вялі стрым з «плошчы Перамен». Журналісткі знаходзіліся ў адной з кватэр, сілавікі выламалі дзверы і затрымалі дзяўчат. З 15 лістапада Чульцова і Андрэева знаходзяцца пад вартай. Ім пагражае пакаранне ад штрафу ці арышту да 3 гадоў «хіміі» альбо нават калоніі.

* * * 

Журналістак „Белсату” абвінавачваюць па частцы 1 артыкулу 342  Крымінальнага кодэксу – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Менавіта так следства інтэрпрэтавала стрым, які журналісткі вялі 15 лістапада 2020 году з плошчы Пераменаў, дзе быў забіты мастак Раман Бандарэнка. Ім  пагражаюць вялікі штрафы ці пазбаўленне волі да 3 гадоў.

Па словах адваката Кацярыны Андрэевай Сяргея Зікрацкага, у першы дзень працэсу былі дапытаныя сведкі. І іх словы паказваюць, што складу злачынства ў дзеяннях Андрэевай і Чульцовай няма.

– Сведкі, якія прысутнічалі ў кватэры, якія бачылі, як гэта ўсё адбывалася. Мы проста зараз у судзе аднаўляем карціну таго, што адбывалася. Гэта хутчэй за ўсё сведчыць пра тое, што дзяўчаты не вінаватыя. Пакуль што я асабіста не бачыў ніякіх доказаў таго, што яны арганізоўвалі нейкія дзеянні, якія маюць нешта незаконнае.

Па словах Сяргея Зікрацкага, і Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова цудоўна трымаюцца. Яны вельмі аптымістычныя, бадзёрыя. Не прызнаюць сваёй віны і спадзяюцца, што прысуд ім будзе выстаўлены правільны, паводле фактаў і закону.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Шматлікіх журналістаў незалежных СМІ не пусцілі ў залу судовага пасяджэння, нягледзячы на папярэднюю акрэдытацыю.

У ліку іншых на суд не змагла трапіць карэспандэнт БелаПАН. Пры гэтым у залу пасяджэння дапусцілі фатографа і аператара БелаПАН.

Прадстаўнікі суда аргументавалі гэта эпідэміялагічнай сітуацыяй і рассаджваннем праз аднаго. Між тым людзі, якія выходзяць з залы, кажуць, што ў ёй шмат вольных месцаў.

У залу пусцілі блізкіх сваякоў, дваіх блізкіх сяброў абвінавачаных, а таксама журналістаў расейскага агенцтва ТАСС, тэлеканала ОНТ, газет „Наша Ніва”, „Народная Воля”, „Комсомольская правда” в Белоруссии”, партала onliner.by.

Пад дзвярыма залы пасяджэнняў засталіся прыкладна 50 чалавек.

Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, які быў у зале пасяджэнняў, але пасля пачатку суда выйшаў як сведка, распавёў, што жонка выглядае бадзёра, усміхаецца, паказвае знак вікторыі. Дар’я Чульцова, убачыўшы сваю маму, „пусціла слязу”. „Нам не далі нават нейкі жэст паказаць рукамі, канваір мяне адразу адштурхнуў”, — сказаў ён.

Паводле слоў Ільяша, палова залы пасяджэнняў пустая, людзі сядзяць праз аднаго, на апошнім шэрагу сядзяць з выгляду „ціхары”.

***

Суд Фрунзенскага раёна Менска 9 лютага пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да журналістак тэлеканала „Белсат” — 27-гадовай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і 23-гадовай Дар’і Чульцовай.

Андрэева і Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на „плошчы Перамен” у Менску (двор на вуліцы Чарвякова). Абедзвюм было выстаўленае абвінавачанне на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Журналісткам таксама ставіцца ў віну нанясенне шкоды „Мінсктрансу” на 11.562 рублі 14 капеек. Нібыта ў выніку іх дзеянняў была парушаная праца грамадскага транспарту.

Напярэдадні судовага працэсу Андрэева перадала з СІЗА заяву, у якой папрасіла суд „разарваць ланцуг злачынных загадаў”. „Выконваць злачынны загад — значыць удзельнічаць у злачынстве, — адзначыла яна. — Але за злачынствам надыходзіць раскаянне, менавіта яно стане найбольш страшным пакараннем, таму што будзе атручваць вам жыццё, не даючы спакою да глыбокай старасці. Што тычыцца мяне, то я буду шчаслівая незалежна ад прысуду, таму што сумленне маё чыстае, а праўду казаць лёгка і прыемна”.

Журналістка заявіла, што яе справа „ад пачатку і да канца сфабрыкаваная” і з’яўляецца „помстай спецслужбаў за прафесійную журналісцкую дзейнасць”. „Амаль тры месяцы я правяла за кратамі. Паводле іх задумы, зняволенне павінна было зламаць мяне і прымусіць усумніцца ў правільнасці абранага шляху, аднак нічога такога не адбылося”, — падкрэсліла яна.

Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэеву і Чульцову палітвязнямі. З заклікам вызваліць журналістак выступілі пасольства ЗША ў Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Нямецкі саюз журналістаў і іншыя арганізацыі.

belapan.by