Пачынальнік беларускага вінаградарства – навукоўца-самавук з Пінска
Цяпер на Палессі нікога не здзівіш плантацыямі вінаграду, вялікімі фруктовымі садамі, палямі з кавунамі і цяпліцамі з гароднінай. Здаецца так было заўжды, нават цяжка ўявіць гэты край без усяго вышэй пералічанага, але ж некалькі дзесяткаў год таму ўсё было наадварот.
Селекцыйную рэвалюцыю на Палессі ў 1930-я гады здзейсніў Іван Шаўчук (1887-1965). Ён нарадзіўся 130 год таму на ўскрайку тагачаснага Пінска. Цяжкая праца, а дакладней доля, выпала з дзяцінства.
Іван Шаўчук пад яблыняй ва ўласным садзе.
Невыносныя ўмовы ў роднай хаце
Старыя пінчукі прыгадвалі, што Іван у юнацтве страціў вока, калі абараняў маці ад пабояў бацькі. Можа гэта стала апошняй кропляй, каб хлопец сабраў рэчы і сышоў з хаты пакінуўшы з гэтым вучобу ў Пінскім рэальным вучылішчы. Уладкаваўся працоўным на Варшаўска-Віленскую чыгунку і хто ведае, мо так і прарабіў, калі б не Першая Сусветная вайна ды цэлы ланцуг дальнейшых трагічных падзей.
Іван Шаўчук у 1910-годзе і ў пачатку 1950-х гадоў.
Меў здольнасці да архітэктурнай справы
Калі Пінск у 1921 годзе згодна з Рыжскай дамовай апынуўся ў складзе міжваеннай Польшчы, паступова пачалося наладжвацца грамадзянскае жыццё. Шаўчук знайшоў працу ў гарадскім архітэктурным бюро – рабіў чарцежы. Адпаведнай адукацыі ён не меў, але прага да ведаў, жаданне самаразвіцця далі добры вынік. Архітэктары адзначалі здольнасці Шаўчука і магчыма з цягам часу ён стаў бы пінскім архітэктарам, але падвяло здароўе. Ён пачаў губляць зрок. Пад пагрозай слепаты звольніўся з бюро.
Агляд сада.
Як выжыць? Як зарабіць на кепскім кавалку зямлі?
Пасля сыходу з працы Іван Шаўчук апынуўся на мяжы роспачы. Усё што меў – невялічкі бацькоўскі кавалак зямлі, які не прыдатны для агародніцтва. Мала таго, што амаль увесь у гліне, дык яшчэ заліты вадою, якая стаіць і не сыходзіць. Спачатку прарыў сцёкавыя канаўкі, пасля заняўся зямлёй, пошукам угнаення. Аднойчы яму знаёмы прынес некалькі кустоў каўказскага вінаграду, пінчук зацікавіўся тэмай і знайшоў яшчэ некалькі іншых саджанцаў. Так пачыналася тое, што перарасце ў вялікую справу.
Іван Шаўчук першы зправа, сярэдзіна 1950-х гадоў.
Першыя вынікі руплівай працы
Вядома, што аднаго жадання мала. Шаўчук набывае кнігі, шукае кантакт са спецыялістамі, распрацоўвае свае методыкі і па ўспамінам жыхаркі Пінска Ірыны Дымскай атрымоўваецца неверагоднае:
“У Пінску з’явіўся “свій” вінаград (пераважна заходнееўрапейскіх кланаў), а ўслед за ім – дыні, кавуны, абрыкосы, персікі і грэцкі арэх. Сад, упрыгожаны ружамі, ператварыўся ў сапраўдны рай, але жыццё яго гаспадара не змянялася. Заробак ад продажу сыходзіў на куплю матэрыялаў, інвентара, хімікатаў, часопісаў і кніг. Ішла сапраўдная навуковая праца, складалася картатэка з вынікамі даследаванняў”.
У 1930-х гадах імя Шаўчука стала далёка вядомым за межамі Пінска, а ў самі горадзе над Пінай добра ведалі, дзе можна набыць “каланіяльныя” дзівоцтвы. Менавіта “каланіяльныя”, бо ў Пінску была цэлая сетка крамаў, дзе гандлявалі фруктамі, садавінай з калоній еўрапейскі дзяржаў.
Першыя кавуны на палесскай зямлі.
Усё давялося пачынаць з нуля
Другая Сусветная вайна нанесла вялікую шкоду справе Шаўчука, але ён маючы ўжо сталы ўзрост узяўся адраджаць свае “дзецішча”, як юнак. Акрамя матэрыяльных цяжкасцяў, Іван Іванавіч сутыкнуўся і з маральнымі перашкодамі. Новая савецкая ўлада называла селекцыянера “спекулянтам”, а ягоны сад, агарод ужо было планавалі знішчыць, як сотні іншых. Ніхто з новых кіраўнікоў горада не верыў, што такую прадукцыю можна атрымоўваць на ўласнай зямлі. Тым не менш чуткі пра Шаўчука дайшлі да Менска і Пінск вырашыў наведаць высокі партыйны функцыянер Ціхан Кісялёў. Сустрэчу нават запісалі на кінахроніку, а галоўнае – знайшлі выхад, як зберагчы справу Шаўчука.
У Пінску з’явіўся філіял Навуковага інстытута плодаагародніцтва БССР на базе зямельнага ўчастка Шаўчука. У выніку – Іван Іванавіч атрымаў шматлікія ўзнагароды агульнасавецкага маштабу, званне навуковага супрацоўніка НІПа.
Выдаўся багаты ўраджай цыбулі.
Спадчына Шаўчука, якая ўвайшла ў кожнае падвор’е
18 сакавіка 1965 года Іван Шаўчук памёр ад цяжкой і працяглай хваробы. Навукоўца-самавука з пашанай хаваў увесь Пінск. Нажаль, ягоная “лабараторыя” не захавалася, яе знішчылі літаральна некалькі год таму. Справа ў тым, што філіял Інстытут ліквідаваў, а мясцовыя ўлады не палічылі патрэбным працягваць працу селекцыйнай станцыі.
Тым не менш спадчына пінчука жыве і пашыраецца. Ягонае “дзецішча”: вінаград, абрыкосы, кавуны, слівы, цыбуля і г.д. – растуць у агародах палешукоў.
Памідоры на Пінскім Палессі – куды ж цяпер мясцовым жыхарам без іх!
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Здымкі прадстаўлены з фондаў Музея Беларускага Палесся