Пачынаюць дзейнічаць новыя правілы атрымання візы шэнген
У сувязі з правядзеннем арганізацыйна-тэхнічных працаў, звязаных з увядзеннем у эксплуатацыю візавай інфармацыйнай сістэмы, польскія консульствы ў Менску, Гародні і Берасці сёння не ажыццяўляюць прыём заявак на атрыманне візаў.
Прэс-служба амбасады Рэспублікі Польшча паведамляе, што з 23 чэрвеня 2015 года атрыманне шэнгенскай візы будзе магчыма толькі пры ўмове здачы біяметрычных дадзеных – адбіткаў усіх пальцаў.
Як зазначае консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Пётр Ляўчук, новыя правілы Еўразвяз уводзіць дзеля паляпшэння бяспекі грамадзянаў, якія збіраюцца наведаць краіны шэнгенскага пагаднення:
– Гэта рашэнне Еўрапейскай Камісіі. Да агульнай інфармацыйнай сістэмы шэнген будуць далучаны не толькі пляцоўкі шэнген-краін у Беларусі, але і ва Украіне, Расеі ў бліжэйшым часе. Гэта павінна палепшыць камунікацыю паміж пляцоўкамі і дазволіць выявіць выпадкі фальшывых дакументаў.
Адбіткі пальцаў не будуць здаваць дзеці да 12 гадоў, асобы, у якіх іх узяць немагчыма, манархі і іх родныя, кіраўнікі дзяржаваў і чальцы ўрадаў, а таксама прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый і іх жонкі падчас дыпламатычных паездак.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня