Пачынаюць выклікаць у суд за Дзень Волі
Актывістаў пачалі выклікаць у суд за шэсце на Дзень Волі. Грамадскі актывіст з Кобрына, Алесь Мех, сёння атрымаў позву за ўдзел у санкцыянаваным уладамі мітынгу 25-га сакавіка:
— Я па пошце атрымаў пратаколы з Цэнтральнага РАУС Менска за ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Волі, які прайшоў у Менску 25 сакавіка. Пратакол падпісаны начальнікам Цэнтральнага РАУС Менска падпалкоўнікам Шахлаем. У пратаколе адзначаецца, што я ўдзельнічаў у мітынгу. І гэта ў мяне на працягу года ўжо паўторнае парушэнне і наконт гэтага складзены пратакол, але гэты пратакол складзены без майго ўдзелу.
Алесь Мех упэўнены, што ўлада груба парушае канстытуцыйнае права грамадзянаў на мірныя сходы. За ўдзел у дазволенай уладамі акцыі на Дзень Волі выклікаюць у суд таксама актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя