Пад абаронай Канстытуцыі і па-беларуску (абноўлена)
Паводле інфармацыі дзяжурнага ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця Міколу Папеку адпусцілі. Мабільны тэлефон яго дагэтуль не дасяжны, але інфармацыю аб вызваленні пацвердзілі сябры са слоў ягонага сына. У гэтыя хвіліны ён едзе цягніком у вёску Лінова дзе пражывае. Там яго мусяць сустрэць сваякі.
* * *
Сталі вядомыя чарговыя акалічнасці звязаныя з затрыманнем паэта-пчаляра Міколы Папекі. Пра гэта сведчаць ягоныя сябры са спасылкай на інфармацыю ад адваката, які займаецца справай.
„2 снежня ўвечары адбыўся першы допыт з удзелам універсітэцкага выкладчыка-перакладчыка (з расейскай на беларускую мову). Мікола Папека скарыстаўся канстытуцыйным правам гарантаваным арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і не сведчыў супраць сябе. 3 снежня каля 11:00 стане вядома ці яго адпусцяць”, – цытуюць адваката сябры паэта.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пацвердзіў, што затрыманне Міколы Папекі звязана з крымінальнай справай, магчыма „вадамётнай” і пракаментаваў гэта наступным чынам:
– Асоба ўсімі паважаная і менавіта на ягоным прыкладзе хочуць паказаць людзям, што ў Беларусі права не дзейнічае. Яны цалкам безабаронныя, што з імі можна рабіць што заўгодна. Але Папека не той чалавек, які паддасца на нейкія прымусы і ўплывы.
Адвакат, сваякі, сябры і праваабаронцы „Вясны” працягваюць сачыць за лёсам паэта-пчаляра.
Беларускае Радыё Рацыя