Пад амністыю могуць трапіць каля 1.800 чалавек, асуджаных за наркотыкі
Пад амністыю сёлета могуць трапіць прыблізна 1.800 чалавек, асуджаных на падставе „антынаркатычнага” артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, паведаміў міністр унутраных спраў Юрый Караеў 13 сакавіка ў праграме „Размова ў прэзідэнта” на тэлеканале „Беларусь 1”.
„Па амністыі навіны, перш за ўсё, тычацца нашага ўсім вядомага артыкула 328-га. Безумоўная і актыўнасць грамадства, і гэтага руху (маці асуджаных. — БелаПАН.) у гэтым пытанні. Але перш за ўсё гуманнасць дзяржавы, яе жаданне зрабіць крокі насустрач тым, хто спатыкнуўся, вядзе да таго, што разглядаецца механізм памілавання тых, хто спатыкнуўся”, — адзначыў кіраўнік МУС.
„Прымяненне акта памілавання можа закрануць прыблізна 1.800 асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі”, — сказаў Караеў.
Пры гэтым, паводле яго слоў, асуджаныя на падставе „антынаркатычнага” артыкула КК будуць амніставаныя „не агульным спісам”, а кожны выпадак будзе разглядацца індывідуальна.
Кіраўнік МУС назваў тры асноўныя крытэрыі. Так, чалавек павінен адбыць палову тэрміну пакарання. Таксама будзе ўлічвацца яго стаўленне да здзейсненага правапарушэння і паводзіны ў месцы зняволення. Акрамя гэтага, сваякі павінны быць гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за яго пасля вызвалення „за тое, што ён не стане здзяйсняць злачынствы зноў”, адзначыў Караеў.
Падрыхтаваць законапраект аб амністыі, прымеркаванай да 75-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, даручыў Аляксандр Лукашэнка. Закон будзе ўключаць не толькі вызваленне некаторых катэгорый асоб, але і скарачэнне тэрмінаў для асуджаных.
Фота naviny.by