Пад Барысавам хочуць стварыць рэабілітацыйны цэнтр для вывезеных з Украіны дзяцей



Рэабілітацыйны цэнтр для вывезеных з Украіны дзяцей з’явіцца ў вёсцы Старабарысаў, у сядзібе расейскай царскай сям’і Раманавых. Пра гэта 14 лістапада заявіў паралімпіец Аляксей Талай, праводзячы з Беларусі чарговую групу ўкраінскіх дзяцей, якую без дазволу ўладаў Украіны прывозілі ў Беларусь.

«Мы пачалі рэалізацыю вялікага праекту — гэта стварэнне рэабілітацыйнага цэнтру для дзяцей Данбасу, які будзе пабудаваны ў нас пад Барысавам у вельмі знакавым месцы, сядзібе вялікіх князёў дома Раманавых. Гэтую сядзібу перадалі нам людзі, якія захацелі застацца ананімнымі»,— паведаміў Талай, якога цытуе БелТА.

Сядзіба вялікіх князёў дома Раманавых некалі належала Радзівілам.  Зараз ад усяго комплексу ў Старабарысаве захаваўся толькі адзін гасцявы дамок.

Сёння Талай агучыў варыянт фінансавання цэнтра — грошы могуць даць улады некаторых расейскіх рэгіёнаў. Талай чакае, што цэнтр будзе пабудаваны цягам некалькіх гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя