Пад Берасцем затрыманы закладчык псіхатропаў



Супрацоўнікі міліцыі спынілі спробу закладкі больш як тысячы доз псіхатропнага рэчыва альфа-РVР.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, 8 снежня пад Берасцем на аўтадарозе Берасце — Камянец супрацоўнікі міліцыі затрымалі 23-гадовага мужчыну, які нідзе не працуе, жыхара Гародні.

Пры аглядзе яго асабістага аўтамабіля „Фольксваген-Пола” аператыўнікі выявілі і канфіскавалі больш за 100 грамаў парашкападобнага рэчыва. Праведзенай экспертызай устаноўлена, што гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва альфа-РVР.

Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да маладога чалавека распачатая справа па ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Ён затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Паводле інфармацыі аператыўнікаў, гэты грамадзянін з’яўляўся закладчыкам інтэрнэт-крамы і захоўваў гэта псіхатропнае рэчыва з мэтай збыту на тэрыторыі Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей.