Пад Драгічынам у ДТЗ загінула цяжарная жанчына
У Драгічынскім раёне 3 жніўня прыблізна каля 23.15 на аўтадарозе М-10 у выніку лабавога сутыкнення загінула цяжарная жанчына, чатыры чалавекі траўмаваныя.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, кіроўца аўтамабіля „Фольксваген-Гольф” пры абгоне машыны, якая рухалася ў спадарожным напрамку, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з „Опелем”.
„Фольксвагенам” кіраваў жыхар Кобрына 1995 года нараджэння. З ім ехалі тры жыхаркі Кобрына, адна з іх цяжарная 1991 г. н. За рулём „Опеля” знаходзіўся мужчына 1983 г. н.
У выніку ДТЗ цяжарная ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерла на месцы. Дзве іншыя жанчыны і кіроўцы аўтамабіляў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і былі завезены ў бальніцу.
Драгічынскі раённы аддзел Следчага камітэта ў дачыненні да вадзіцеля „Фольксвагена” пачаў крымінальную справу.