Пад Гародняй абвешчаны двухмесячны каранцін з-за шалёнай лісы
У Гарадзенскім раёне зарэгістраваны выпадак шаленства. З-за выяўленага факту на Путрышкі накладзены двухмесячны каранцін, паведамляе выданне «Перспектыва».
Як распавяла прадстаўнік Гарадзенскай раённай ветэрынарнай станцыі Вольга Трафімава, гаспадыня аднаго з падворкаў заўважыла за адрынамі на сваім участку труп лісы і неадкладна паведаміла ветэрынарам. Лабараторныя даследаванні паказалі: жывёла хварэла на шаленства. Невядома, з кім магла кантактаваць драпежніца, таму на працягу двух месяцаў будуць праводзіцца супрацьэпізаотычныя і супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, у тым ліку пазапланавы адлоў бадзяжных жывёл і вакцынацыя хатніх гадаванцаў. Дарэчы, у апошнія гады ў раёне назіраецца спакойная сітуацыя па шаленстве. Летась зарэгістравана два выпадкі – у Скідзелі і Глінянах. Хутчэй за ўсё, дае вынікі прафілактычная праца. Калісьці у год рэгістравалася да 7-8 выпадкаў шаленства.