Пад Гомелем можа з’явіцца мікрараён на месцы масавых пахаванняў



Пад Гомелем можа з’явіцца мікрараён на месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінізму і нацызму. Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомеля абвясціла тэндар на падрыхтоўку тэрыторыі для шматпавярховай забудовы ў будучым раёне „Лес”, які знаходзіцца на выездзе з Навабеліцы. У мясцовасцях, якія называюцца Шчакатоўскі і Бутулінскі лес, могуць знаходзіцца парэшткі тысяч ахвяр драматычных падзей першай паловы ХХ стагоддзя. Паводле архітэктара Сяргея Ляпіна, планы на забудову Шчакатоўскага леса — не самы лепшы варыянт развіцця горада.

Гэта вельмі кепскі варыянт развіцця горада па некалькіх прычынах: не толькі таму, што панэльныя мікрараёны — не лепшая альтэрнатыва існуючаму лесу, гэта яшчэ і таму, што той лес мае сумнавядомую славу, як месца пахавання ахвяр 30-х гадоў, сталінскага рэжыму.

Гомельскі грамадскі дзеяч Уладзімір Кацора перакананы, што грамадскасці варта аб’ядноўваць высілкі дзеля недапушчэння апаганьвання магіл ахвяр таталітарных рэжымаў.

І тут задача і абудзіць грамадства, і прымусіць уладу прызнаць факты рэпрэсій ды абазначыць тыя месцы пахаванняў, якія ёсць і за Навабеліцай і ў іншых месцах.

Згодна з генпланам забудовы Гомеля, ухваленым кіраўніком Беларусі ў канцы 2016 года, для будаўніцтва жылля давядзецца высечы некалькі дзясяткаў гектараў Шчакатоўскага лесу. Старажылы і краязнаўцы сцвярджаюць, што менавіта ў гэтым месцы ў 1930-я гады адбываліся масавыя забойствы так званых „ворагаў народа”. У пачатку 1990-х гадоў з ініцыятывы дэмакратычнага гарсавета Гомеля на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы быў усталяваны крыж у знак пашаны рэпрэсаваных суайчыннікаў.

Беларускае Радыё Рацыя