Пад Гомелем пахавалі маці Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага



5 траўня ў вёсцы Знамя Працы Гомельскага раёна прайшло пахаванне маці Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага. 61-гадовая Ніна Жызнеўская памерла ў гомельскім шпіталі інвалідаў вайны 4 траўня. 8 красавіка сканаў яе муж, Жызнеўскі-старэйшы.

Арганізацыю пахавання — як Міхаіла Жызнеўскага, так і Ніны Васільеўны — узяў на сябе грамадскі актывіст Барыс Анікееў. У сям’і засталася сястра Героя Украіны Наталля.

Адпявалі памерлую ў праваслаўнай царкве Аляксандра Неўскага. Ушанаваць памяць маці Жызнеўскага прыехалі прадстаўнікі ўкраінскага пасольства.

Першы сакратар пасольства Украіны Іван Башняк выказаў Наталлі Жызнеўскай глыбокія спачуванні. „Разам з вамі падзяляем смутак і страту. Цяжка дачцэ праводзіць сваю маці ў апошні шлях. Але яшчэ цяжэй было маці выпраўляць свайго сына Міхаіла ў апошні шлях. Тыя няпростыя моманты жыцця, магчыма, і адбіліся на здароўі Ніны Васільеўны. Мы схіляем галаву перад маці героя Украіны за тое, што яна нарадзіла годнага сына. Спі спакойна, дарагая Ніна Васільеўна, хай зямля табе будзе пухам, а памяць — вечнаю. Слава Украіне!” — сказаў дыпламат.

На пахаванні зачыталі словы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, які „з глыбокім смуткам успрыняў трагічную вестку пра тое, што ўслед за бацькам Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызнеўскага сышла ў вечнасць яго маці Ніна Васільеўна”. „Гэтая сям’я паказала нам гераічны прыклад самаахвярнасці дзеля ідэалаў свабоды і годнасці. Даручыў МЗС Украіны аказаць сям’і ўсю неабходную дапамогу. Вечная памяць! Героі не паміраюць”, — напісаў у Facebook Парашэнка.

У Наталлі Жызнеўскай засталіся пытанні да аказання медыцынскай дапамогі яе маці. „Яе толкам не абследавалі. Мне патлумачылі, што паступілі дваццаць хворых па „хуткай”, гэта значыць не было часу. Як яе лячылі, ад чаго… Нават гісторыя хваробы не была запоўненая”, — сказала Наталля.

Разам з ёй з патолагаанатамам размаўляў і Барыс Анікееў. „Мяне лекары вельмі здзівілі, мякка кажучы. Мы з Наталляй у размове з імі ледзь стрымліваліся. Яны пыталіся: а які ў Ніны Васільеўны быў ціск, якая тэмпература? У картцы, гісторыі хваробы не было нічога! А патолагаанатам сказаў так: я нікога не выгароджваю, але нікога не збіраюся абвінавачваць. Навошта наогул было везці яе ў шпіталь, калі яе там не лячылі? Можа, закрыць наогул бальніцы?” — сказаў Анікееў.

belapan.by

Фота Паўла Міцкевіча