Пад Гомелем з’явіўся помнік ахвярам ДУЛАГ-121



Пад Гомелем з’явіўся помнік ахвярам ДУЛАГ-121 – аднаго з самых буйных нацысцкіх канцлагераў на тэрыторыі Усходняй Беларусі. Мемарыял у выглядзе вялікага каменя з мармуровай шыльдай, надпіс на якой выкананы на трох мовах (беларускай, расейскай і іўрыце), усталяваны на ўзбочыне аб’язной дарогі ля мястэчка Краснае.

Гэты помнік паўстаў дзякуючы намаганням жыхароў Краснага, якія на свае сродкі набылі матэрыялы і аплацілі будаўнічыя працы. Адзін з ініцыятараў усталявання помніка, прадпрымальнік Васіль Баброўскі, гаворыць, што мемарыял можна смела назваць народным:

– Гэта цалкам народны манумент. Узнік ён на месцы, дзе праходзіў супрацьтанкавы роў, куды ў гады вайны звозілі і расстрэльвалі вязняў ДУЛАГ-121 і мірных жыхароў з Гомеля. Мы на дадзеным этапе паднялі парэшткі 131 чалавека, ваеннапалонных там – 28 чалавек, мяркуючы па адзенні, чатыры – дзіця і астатнія – мірныя жыхары.

З’яўленне помніка ахвярам нацысцкай акупацыі ў ваколіцах Краснага стала магчымым у выніку высілкаў мясцовага жыхара Уладзіміра Котава, які дамогся правядзення раскопак на меркаваным месцы масавага пахавання ў раёне былога супрацьтанкавага рову.

У канцы 2018 года салдаты 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны знайшлі ў гэтым месцы парэшткі 131 чалавека. Мяркуецца, што ў 2020 годзе пошукі пазасталых парэшткаў могуць працягнуцца.

Усяго ў гады вайны на тэрыторыі ДУЛАГ-121 загінула да 150 тысяч чалавек, месца пахавання большасці з іх невядома дагэтуль.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Васіль Баброўскі