Пад Івацэвічамі жанчына на Audi збіла двух ласёў
У Івацэвіцкім раёне ў выніку дарожнай аварыі, што здарылася з-за ласёў, якія перабягалі дарогу, пацярпела кіроўца аўтамабіля.
Як паведамілі ў ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама, 6 снежня прыблізна ў 18.45 на 136-м км аўтадарогі М-1 Берасце — Менск — мяжа РФ 44-гадовая жыхарка Баранавіцкага раёна, якая знаходзілася за рулём аўтамабіля „Аўдзі”, здзейсніла наезд на ласіху і ласяня, што нечакана выбеглі на дарогу. Адна з жывёл, разбіўшы лабавое шкло, уляцела ў салон аўто.
Жанчына з цяжкімі траўмамі шпіталізаваная ў рэанімацыйнае аддзяленне Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Жывёлы загінулі. Аўтамабіль атрымаў значныя механічныя пашкоджанні.
Праводзіцца праверка.