Пад Крупкамі загінулі шасцёра, у тым ліку двое ратавальнікаў



Следчым камітэтам Беларусі ўстанаўліваюцца абставіны гібелі шасці чалавек у Крупскім раёне (Менская вобласць). Пачатая справа на падставе ч. 2 арт. 144 КК (прычыненне смерці па неасцярожнасці).

krupki-002-4f0r1

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, прыблізна ў 21.00 28 чэрвеня жыхар Крупскага раёна спусціўся ў каналізацыйны калодзеж глыбінёй прыкладна 6 метраў побач са сваім домам для яго прачысткі. Падчас працы мужчына страціў прытомнасць і ўпаў на дно. Дапамагчы яму спрабавалі суседзі. Трое мужчын па чарзе спускаліся ў калодзеж, гублялі прытомнасць і падалі ўніз.

Для аказання дапамогі пацярпелым на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі МНС. Яны паднялі з каналізацыйнага калодзежа целы чацвярых мужчын без прыкмет жыцця. Медработнікі канстатавалі іх смерць.

Пры правядзенні ратавальных работ двое супрацоўнікаў МНС атрымалі атручэнне парамі газаў, што сабраліся ў калодзежы, і былі шпіталізаваныя. Пазней, не прыходзячы ў прытомнасць, яны памерлі ў бальніцы.

Krupki-001

На месца здарэння выбывала следча-аператыўная група галоўнага следчага ўпраўлення СК, задзейнічаныя крыміналісты цэнтральнага апарату Следчага камітэта і перасоўная крыміналістычная лабараторыя ведамства.

Следчыя агледзелі целы загінулых. Прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы з мэтай устанаўлення дакладнай прычыны смерці. Праведзены агляд месца здарэння з удзелам спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, МНС, міліцыі. Узятыя ўзоры рэчываў, што ўтрымліваюцца ў калодзежы, у тым ліку ажыццёўлены забор паветра для правядзення хімічных даследаванняў.

Праца па высвятленні ўсіх абставінаў трагедыі працягваецца ў цесным узаемадзеянні з усімі службамі. Расследаванне знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні Следчага камітэта.

[youtube id=”QbOSJVDePkQ”]