„Пад пагрозай звальнення прымусілі працаваць у інфекцыйным кабінеце”



Намесніца загадчыка Баранавіцкай раённай паліклінікі Аксана Дашкевіч, якая падпрацоўвала на палову стаўкі ў інфекцыйным кабінеце і мела за гэта даплату, падоўжаны адпачынак і іншыя выгоды за працу ў шкодных умовах, ад прыёму падазроных на каронаврус хворых ухілілася. Замест сябе і сваёй калегі ўрача-інфекцыяніста Святланы Гаркавай са згоды загадчыка паліклінікі Мікалая Фядзько прымаць людзей з падазрэннем на каронавірус адпраўляюць пад пагрозай звальнення ўрачоў і медсясцёр з тэрапеўтычных кабінетаў. Не бяруцца пад увагу медыкі, якія адносяцца да групы рызыкі, кажа медсястра агульнай практыкі, хворая на дыябет, якая мае дачку-інваліда Наталля Каролік:

– Я напісала заяву, што адмаўляюся выходзіць у “ачаг”, бо знаходжуся ў групе рызыкі – у мяне цукровы дыябет. Але мая адміністрацыя не стала звяртаць на гэта ўвагу. І мяне пад пагрозай звальнення прымусілі ісці працаваць у гэты інфекцыйны кабінет.

Медыкі інфекцыйны кабінет паміж сабой называюць “ачагом”. Цікавай аказалася размова ў Каролік з Мікалаем Фядзько і яго намесніцай Аксанай Дашкевіч:

Мікалай Фядзько: Гэта паклёп! Ніякіх ачагоў у нас няма.

Аксанай Дашкевіч: Вы ідзяце і садзіцеся ў “ачаг”. Калі вы зараз адмовіцеся ісці працаваць у інфекцыйны блок…

Наталля Каролік: Вы зараз сказалі слова “ачаг”, а Мікалай Мікалаевіч сказаў, што ў нас яго няма!

Аксанай Дашкевіч: Я абмовілася.

Паводле Наталлі Каролік, як стала вядома, адміністрацыя ў сакавіку “забылася” даплаціць абяцаныя 50 % за прыём людзей з падазрэннем на каронавірус.

Беларускае Радыё Рацыя