Пад Полацкам перакулілася маршрутка з пасажырамі
Маршрутнае таксі №10 занесла, яно перасякло сустрэчную паласу, вылецела ў кювет і перакулілася. У мікрааўтобусе ехалі 14 пасажыраў.
ДТЗ адбылося 14 студзеня ў вёсцы Чарнешчына. У аўтамабілі „Мерседэс”, які рухаўся па маршруце Полацк-Наваполацк з боку Наваполацка, ехалі 14 пасажыраў.
„Кіроўца не абраў бяспечную хуткасць руху, не ўлічыў ўмоваў надвор’я. У выніку бакавога заносу аўтамабіль выехаў на паласу сустрэчнага руху, а далей у кювет, дзе і перакуліўся”, – распавёў часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц.
Пацярпелых у ДТЗ няма. Пасажырам маршруткі на месцы была аказана першая медыцынская дапамога. У цяперашні час нікога з іх не шпіталізавалі. На кіроўцу маршрутнага таксі складзены пратакол. Па факце здарэння ДАІ праводзіць праверку.
Аляксандр Казючыц таксама распавёў пра ДТЗ, якое адбылося гэтым жа вечарам каля вёскі Калектыўная. Вялікагрузны аўтамабіль у выніку заносу з’ехаў у кювет. Прычэп аўтамабіля перагарадзіў ўсю праезную частку. На працягу гадзіны рух на трасе быў адноўлены. На кіроўцу фуры складзены пратакол. Пасля ён працягнуў рух.