Пад Шчучынам з’явіцца музей халоднай вайны
Вярнуць да жыцця былы сакрэтны бункер, пабудаваны ў савецкі час на выпадак ядзернай вайны пад Шчучынам (Гарадзенская вобласць), хоча мясцовая турыстычная кампанія. Прыкладна праз месяц новыя ўладальнікі ўладкуюць тут музей халоднай вайны, а праз год збіраюцца праводзіць ваенна-спартыўную гульню „Зарніца” для беларускіх, польскіх і літоўскіх школьнікаў і прапаноўваць іншыя забавы.
Чакаецца, што новы прыватны музей назавуць „Бункер-74” — гэтак жа, як былы ваенны аб’ект. Наведвальнікі змогуць спусціцца ў падземныя памяшканні і тунэлі, абароненыя пяціметровым пластом бетону і здольныя вытрымаць ядзерны выбух. Ім пакажуць рэшткі інжынерных збудаванняў і ваеннага абсталявання 1970—80-х гадоў. У музеі з’явіцца тэлетайп — апарат, з дапамогай якога ваенныя абменьваліся паведамленнямі, рарытэтныя палявыя тэлефоны і іншае абсталяванне часоў халоднай вайны. Удалося знайсці некалі сакрэтныя ваенныя карты 1956 і 1974 гадоў, а таксама спецыяльны процівагаз, якім можна карыстацца і на сушы, і пад вадой.
„Мы не будзем моцна мяняць абстаноўку, толькі дапоўнім сапраўдным ці бутафорскім абсталяваннем, якое тут было ўстаноўленае ў савецкі час. У салдацкіх казармах паставім ложкі, навядзем парадак, вернем асвятленне. Будзе адчуванне, што бункер працуе да гэтага часу. Усё гэта дапаможа турыстам адчуць атмасферу часоў халоднай вайны і хоць бы на момант адчуць любоў і павагу да дзяржавы, якая нас абараняла ў той час”, — заявіла дырэктар шчучынскага аддзялення турыстычнай кампаніі „ЛорыСтур” Ларыса Ваўчок.
Падчас экскурсіі турыстам раскажуць мясцовыя ваенныя гісторыі і легенды, напрыклад аб прывідзе лейтэнанта, які жыве ў бункеры, ці аб падземных тунэлях, што ішлі пад горадам і злучалі чыгуначную станцыю і ваенны аэрадром. Кажуць, што на працягу некалькіх гадзін салдаты маглі кінуць часовыя рэйкі і адпраўляць пад зямлю цягнікі з дэталямі самалётаў, збіраць іх пад зямлёй, а затым дастаўляць на авіябазу.
Сакрэтны бункер пад Шчучынам пабудавалі ў 1977 годзе, у ім размяшчаўся абаронены камандны пункт (АКП). У выпадку трывогі і ядзернай вайны менавіта сюды павінен быў перамясціцца штаб размешчанай непадалёк авіяцыйнай дывізіі. Бункер быў аснашчаны абсталяваннем, якое дазваляла АКП на працягу месяца знаходзіцца ў ізаляцыі ад вонкавага свету і кіраваць з яго ваеннымі дзеяннямі. На двух паверхах знаходзіцца прыкладна 50 памяшканняў. Галоўнае — цэнтр кіравання, у якім ваенныя маглі аналізавалі паветранае становішча і выходзіць на сувязь з вонкавым светам.
З 1992 па 2002 гады бункер ахоўвалі ваенныя. Затым яго закансервавалі і перадалі Шчучынскаму райвыканкаму. Сакрэтную апаратуру вывезлі, але некаторае абсталяванне захавалася.
Як адзначыла Ваўчок, былы сакрэтны бункер і прылеглая да яго тэрыторыя плошчай крыху большай за 8 гектараў перайшлі ва ўласнасць турыстычнай кампаніі ў пачатку жніўня. Перш за ўсё вырашылі ўладкаваць пад турыстычны аб’ект АКП, прывесці ў парадак прылеглую тэрыторыю і паставіць прыбіральню. Турыстаў музей халоднай вайны зможа прыняць прыкладна праз месяц. Ужо ёсць цікавасць у літоўцаў і палякаў.
Паводле слоў Ваўчок, турфірма вядзе перамовы з польскімі і літоўскімі партнёрамі, якія зацікаўленыя не толькі прывозіць турыстаў на аглядныя экскурсіі, але і ладзіць тут міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы.