Пад вартай знаходзяцца 11 беларускіх журналістаў
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, пад вартай знаходзяцца 11 прадстаўнікоў СМІ.
У спісе — Андрэй Рабчык, Андрэй Шаўлюга, Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Аляксандра Квіткевіч, Максім Лаўрэцкі, Кацярына Барысевіч, Ігар Ільяш, Яўген Мікалаевіч, Яна Трусіла, Іна Дабратвор.
Трусіла (газета „Новы Час”) і Дабратвор (фрылансар, маці пяці непаўналетніх дзяцей) былі затрыманыя 29 лістапада падчас акцый пратэсту „Марш суседзяў”. Андрэева і Чульцова, якія працавалі на тэлеканал „Белсат”, абвінавачаныя паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арыштаваныя мінімум на два месяцы (да 20 студзеня 2021 года). Барысевіч (tut.by) — абвінавачаная ў крымінальнай справе па факце выдавання медычнай таямніцы, што мела вынікам цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Яна аўтар артыкула, дзе прыводзіцца сведчанне лекара аб адсутнасці алкаголю ў крыві збітага да смерці Рамана Бандарэнкі, што супярэчыла заявам уладаў. Другі фігурант — урач-анестэзіёлаг Арцём Сарокін.
Астатнія журналісты арыштаваныя па адміністрацыйных артыкулах.
Фотакарэспандэнт БелаПАН Шаўлюга павінен выйсці на волю сёння пасля адбыцця 15-сутачнага арышту (быў затрыманы на акцыі пратэсту 15 лістапада), відэааператар БелаПАН Лаўрэцкі — заўтра, 1 снежня, таксама пасля 15-сутачнага арышту (затрыманы на маршы пенсіянераў 16 лістапада).