Пад Віцебскам упарадкавалі самаробныя мемарыялы на месцах сталінскіх расстрэлаў



Два найбольш вядомыя месцы колішніх трагічных падзеяў у Віцебскім раёне – гэта лясныя ўрочышчы каля вёсак Хайсы і Паляі. Пра расстрэлы каля Хайсоў стала вядома ў 2014-м годзе, калі так званыя “чорныя капальнікі” у пошуках каштоўнасцяў разрабавалі масавыя пахаванні, раскідаўшы па лесе чалавечыя косткі. Тады ж была створана ініцыятыва “Хайсы – віцебскія Курапаты”, якая займаецца ўшанаваннем памяці загінулых.

Пра расстрэлы каля вёскі Паляі стала вядома яшчэ напрыканцы 1980-х, калі яшчэ былі жывыя сведкі трагічных падзеяў. Але тагачасныя савецкія ўлады адмовіліся ўшанаваць памяць расстраляных ахвяраў, кажа жыхарка Віцебска Ірына Аляксандрава:

– Мы накіравалі ліст у аблвыканкам, каб правесці даследаванні гэтай мясцовасці і паставіць там памятны знак. Нам адказалі адмовай, маўляў, гэта ўсё, можа, проста чуткі. І быў адзін ветэран, які сказаў: “Калі там кагосьці і забівалі, то напэўна за справу.

Жыхары вёскі Паляі і цяпер гатовыя паказаць месца расстрэлаў, пра якія казалі старэйшыя сваякі. 75-гадовы Анатоль Ходзькін даведаўся пра расстрэлы ў лесе ад дзеда:

– Расказваў дзед, што лес гэты рос на касцях. Яны тут расстрэльвалі, а зверху садзілі елкі з дзёрнам. Паставяць патруль, а самі едуць адпачываць. Назаўтра – зноў. Яны 100 чалавек гахнуць, а назаўтра яшчэ 100 чалавек, далей у лесе. Не шкадавалі нікога, ці быў ты вінаваты, ці не.

На месцах сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам створаны самаробныя мемарыялы. Як і штогод, актывісты днямі ўпарадкавалі гэтыя мясціны – прыбралі лісце і сухую траву, прынеслі кветкі і запалілі свечкі.

Беларускае Радыё Рацыя