Пад Воршай шукаюць магілы ахвяраў сталінізму



Нашчадкі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій вырашылі скласці план пахаванняў на Кабыляцкай гары. Гэтае ўрочышча пад Воршай яшчэ за савецкім часам было афіцыйна прызнана тэрыторыяй масавых расстрэлаў. Але да сёння гэтае месца застаецца недаследаваным: няма дакладных звестак, дзе знаходзяцца пахаванні расстраляных.

Сітуацыю вырашылі выправіць удзельнікі ініцыятывы “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы” і яе стваральнік Ігар Станкевіч. Ён арганізаваў невялікую экспедыцыю, каб пазначыць на плане мясцовасці так званыя “расстрэльныя ямы”.

Калі мы раней сюды прыязджалі, то заўважылі, што ў лесе ёсць шмат ямінаў, западзінаў, якія, магчыма, з’яўляюцца брацкімі магіламі тых, каго тут забілі. Таму мы вырашылі прыехаць, прайсціся па лесе, зафіксаваць каардынаты ці хаця б колькасць гэтых ямінаў. Паглядзець, дзе яны знаходзяцца. Хацелася б зрабіць такую мапу, як гэта зроблена па Курапатах: яміны, дакладныя каардынаты, магчыма, нават памеры. Каб, калі будзе магчымасць правесці тут нейкае даследаванне, мы ўжо ведалі, што яміны знаходзяцца там, там і там. І трэба там і шукаць.

Удзельнікі экспедыцыі хадзілі па “расстрэльным” лесе, фіксавалі каардынаты з дапамогай мабільных тэлефонаў і пазначалі іх на мапе. Сваімі ўражаннямі падзялілася Ларыса Арэшына, унучка расстралянага.

Я проста хачу сабе ўявіць, што адчуваў мой дзед, калі яго прывезлі сюды. І за што? Хочацца зразумець, але немагчыма зразумець тое, чаго не павінна было здарыцца! І ўвогуле мне здаецца, што ён глядзіць зараз на нас з нябёсаў і думае: “Вось шукайце, шукайце! Можа, і знойдзеце”.

Сёння дакладна вядомае толькі адно масавае пахаванне на Кабыляцкай гары – пад помнікам-каменем, дзе перапахавалі парэшткі расстраляных, знойдзеныя ў 1982 годзе падчас будаўніцтва чыгункі. Летась нашчадкі рэпрэсаваных дамагліся, каб на камені з’явілася шыльда са словамі “Месца памяці і смутку”.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара