Пад Воршай турыстычны аўтобус трапіў у ДТЗ



Аўтобус міжнародных зносін кампаніі Ecolines перавярнуўся ў Аршанскім раёне, паведамляе УДАІ УУС Віцебскай вобласці ў афіцыйнай групе „УКантакце”.

Аўтобус ехаў рэйсам Кіеў — Талін, у ім знаходзіліся 53 чалавекі — грамадзяне Украіны, Малдовы і Расеі. ДТЗ адбылося 2 жніўня ў 4.30. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца заснуў за рулём і на 186-м кіламетры аўтадарогі М8 каля вёскі Светачоўка наехаў на светлавую апору, пасля чаго аўтобус перакуліўся на бок у кювет па ходзе руху.

Для ацэнкі фізічнага стану ў бальніцу дастаўлены дванаццаць чалавек. Восем з іх ужо агледжаныя ўрачамі і адпушчаныя. Сур’ёзных траўмаў у аварыі ніхто з пацярпелых не атрымаў і ў шпіталізацыі не мае патрэбы.

Супрацоўнікі міліцыі і работнікі МНС арганізавалі дастаўку астатніх пасажыраў у гасцініцу, ім аказваецца іншая неабходная дапамога. У найбліжэйшыя гадзіны ў Оршу з Ліды прыедзе рэзервовы аўтобус, на якім турысты працягнуць паездку ў суправаджэнні ДАІ.

Пры вывучэнні тахографа было ўстаноўлена, што перазменка кіроўцаў павінна была адбыцца ў 5.00, удакладнілі ў ДАІ.

belapan.by