Пад Воршай з’явіўся помнік палякам Беларусі – ахвярам сталінізму



На ўрачыстае адкрыццё помніка ва ўрочышчы Кабыляцкая гара – вядомым месцы сталінскіх расстрэлаў – з’явіўся помнік з надпісам “Палякам Беларусі, рэпрэсаваным і забітым у Воршы”.

Надпіс зроблены на дзвюх мовах, па-беларуску і па-расейску. На беларускай і на польскай мовах прывітаў прысутных і Марцін Вайцехоўскі, першы дарадца амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі:

– У Польшчы часта кажуць, што той, хто памятае пра мінулае, мае перад сабою будучыню. Кабылякі – гэта месца, дзе палеглі ахвяры розных нацыянальнасцяў. І мы молімся за ўсіх ахвяраў, не падзяляючы іх па нацыянальнасці.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Але асобны помнік рэпрэсаваным грамадзянам польскай нацыянальнасці з’явіўся тут, бо людзей падзялілі па нацыянальнасцях мясцовыя ўлады.

Яны адмовіліся зрабіць надпіс па-польску на шыльдзе, якую прымацавалі да каменя – помніка, пастаўленага ў памяць пра рэпрэсаваных. Польскую мову замянілі на ангельскую, і стваральнік грамадскай ініцыятывы “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”, даследчык Ігар Станкевіч з гэтым не згодны:

– Гістарычна менавіта гэтыя чатыры мовы – беларуская, польская, габрэйская, расейская – былі дзяржаўнымі. А па колькасці загінулых палякі тут на другім месцы – паводле даследаванняў, мы маем 505 прозвішчаў. Амаль 29%  расстраляных – гэта палякі.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Паводле наяўных звестак, пад Воршай у гады сталінскага тэрору было расстраляна  1750 чалавек, і гэтыя звесткі, найверагодней за ўсё, яшчэ не поўныя. Археалагічныя даследаванні на Кабыляцкай гары ніколі не праводзіліся, як не праводзіліся яны і ў лесе ўздоўж Магілёўскай шашы, дзе таксама расстрэльвалі ахвяраў сталінізму. Менавіта Кабылякі, яшчэ ў 1982-м годзе афіцыйна прызнаныя месцам расстрэлаў мірных грамадзян, сталі месцам народнага мемарыялу. Прыехаўшы сюды на адкрыццё помніка, многія нашчадкі рэпрэсаваных прывезлі мемарыяльныя шыльдачкі з імёнамі сваіх продкаў. Наведаўшы спярша адмысловую імшу ў аршанскім касцёле Святога Язэпа, людзі памаліліся за супакой душаў закатаваных і на месцы трагедыі, дзе ў памяць пра загінулых з’яўляюцца ўсё новыя шыльды, крыжы і помнікі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя