Пад Воршай з’явіўся помнік палякам Беларусі – ахвярам сталінізму
На ўрачыстае адкрыццё помніка ва ўрочышчы Кабыляцкая гара – вядомым месцы сталінскіх расстрэлаў – з’явіўся помнік з надпісам “Палякам Беларусі, рэпрэсаваным і забітым у Воршы”.
Надпіс зроблены на дзвюх мовах, па-беларуску і па-расейску. На беларускай і на польскай мовах прывітаў прысутных і Марцін Вайцехоўскі, першы дарадца амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі:
– У Польшчы часта кажуць, што той, хто памятае пра мінулае, мае перад сабою будучыню. Кабылякі – гэта месца, дзе палеглі ахвяры розных нацыянальнасцяў. І мы молімся за ўсіх ахвяраў, не падзяляючы іх па нацыянальнасці.
Але асобны помнік рэпрэсаваным грамадзянам польскай нацыянальнасці з’явіўся тут, бо людзей падзялілі па нацыянальнасцях мясцовыя ўлады.
Яны адмовіліся зрабіць надпіс па-польску на шыльдзе, якую прымацавалі да каменя – помніка, пастаўленага ў памяць пра рэпрэсаваных. Польскую мову замянілі на ангельскую, і стваральнік грамадскай ініцыятывы “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”, даследчык Ігар Станкевіч з гэтым не згодны:
– Гістарычна менавіта гэтыя чатыры мовы – беларуская, польская, габрэйская, расейская – былі дзяржаўнымі. А па колькасці загінулых палякі тут на другім месцы – паводле даследаванняў, мы маем 505 прозвішчаў. Амаль 29% расстраляных – гэта палякі.
Паводле наяўных звестак, пад Воршай у гады сталінскага тэрору было расстраляна 1750 чалавек, і гэтыя звесткі, найверагодней за ўсё, яшчэ не поўныя. Археалагічныя даследаванні на Кабыляцкай гары ніколі не праводзіліся, як не праводзіліся яны і ў лесе ўздоўж Магілёўскай шашы, дзе таксама расстрэльвалі ахвяраў сталінізму. Менавіта Кабылякі, яшчэ ў 1982-м годзе афіцыйна прызнаныя месцам расстрэлаў мірных грамадзян, сталі месцам народнага мемарыялу. Прыехаўшы сюды на адкрыццё помніка, многія нашчадкі рэпрэсаваных прывезлі мемарыяльныя шыльдачкі з імёнамі сваіх продкаў. Наведаўшы спярша адмысловую імшу ў аршанскім касцёле Святога Язэпа, людзі памаліліся за супакой душаў закатаваных і на месцы трагедыі, дзе ў памяць пра загінулых з’яўляюцца ўсё новыя шыльды, крыжы і помнікі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя